Баі за вызваленне Любчы. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 6)

Баі за вызваленне Любчы. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 6)

Баі за вызваленне Любчы. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 6)

08 июля 2020 1991

Камандаванне партызанскай брыгады імя Дзяржынскага Лідскага злучэння, маючы ў саставе пяць атрадаў, вырашыла правесці баявы рэйд па ліквідацыі акупацыйных гарнізонаў у Вераскаве і райцэнтры Любча. Заданне па вызваленні гэтых паселішчаў намнога раней, чым да Любчы падыдуць савецкія войскі, было вызначана нам штабам партызанскага руху. Праз пасёлак праходзіў шлях з Мінска на Навагрудак, тут была неблагая пераправа і зручныя падыходы да яе. У тым выпадку, калі партызанскія атрады змаглі б заняць і ўтрымліваць райцэнтр, яны забяспечылі б хуткую пераправу праз Нёман войскам Чырвонай арміі. Калі б нам не ўдалося адбіць і ўтрымаць пасёлак, то тады немцы трымалі б выгадны рубеж абароны на высокім левым беразе Нёмана. Правы бераг быў нізінным і прастрэльваўся на вялікую адлегласць. У такім выпадку наступленне савецкіх войскаў на гэтым участку магло затрымацца.

Таму, у адпаведнасці з аператыўна-тактычным планам штаба брыгады, на досвітку 2 ліпеня 1944 года партызаны пачалі набліжацца ў трох напрамках спачатку да Вераскава. Прабіралася палявымі шляхамі група конных у колькасці 50 чалавек, на падводах ехалі артылерысты, мінамётчыкі, медыцынскі персанал. Астатнія рухаліся пешшу. Наблізіўшыся да Вераскава, партызаны з ходу атакавалі невялікі варожы гарнізон і ўзялі яго ў асаду. Большая частка наступаўшых рушыла далей у напрамку Любчы. На падыхо­дзе да пасёлка падраздзяленні брыгады прынялі баявы парадак. Пра­аналізаваўшы ўдакладненыя разведданыя, камандзір брыгады К.Ф. Шашкін і начальнік штаба В.Х. Бляшаў паставілі канкрэтныя баявыя задачы камандзірам і начальнікам штабоў атрадаў.

У дні, якія папярэднічалі баявому рэйду на райцэнтр, нашы разведчыкі і падпольшчыкі вялі сярод паліцэйскіх і ўласаўцаў з гэтага гарнізона значную агітацыйную работу. Было распаўсюджана шмат лістовак, зводак Саўінфармбюро аб наступленні савецкіх войск. Варожая разведка паўсюдна натыкалася на конныя патрулі партызан і дакладвала аб тым, што пасёлак акружаны буйнымі сіламі. Таму многія паліцэйскія яшчэ з раніцы ўцякалі хто куды.

Умелы ўдар партызан адразу вызначыў перавагу наступаўшых. Не вытрымаўшы рашучага націску, гарнізон ворага даволі хутка капітуляваў. У палон тады ўзялі каля сотні чалавек. 2 ліпеня райцэнтр Любча быў вызвалены сіламі партызанскіх падраз­дзяленняў. Дасталіся і трафеі: палкавы мінамёт, 9 станкавых і ручных кулямётаў, 234 вінтоўкі, аўтаматы, 60 тысяч патронаў, склады з харчаваннем. Камандаванне нашай брыгады рыхтавалася да ўтрымання пасёлка, да абароны яго сваімі сіламі. Чырвоная армія знаходзілася яшчэ даволі далёка і было невядома, як хутка яна наблізіцца.

Акупанты і іх памагатыя не маглі змірыцца са стратай свайго гарнізона ў Любчы. На працягу чатырох дзён яны вялі канцэнтрацыю сіл і распрацоўвалі план, каб зноў авалодаць пасёлкам і пераправай праз Нёман. Апошняя была неабходнай на час адступлення з фронту часцей германскага вермахта. Завяршыўшы канцэнтрацыю, вораг меў буйныя сілы палка, так званых «казакаў» і адступаючых з фронту некалькіх рот нямецкіх салдат. Пры падтрымцы танкаў і артылерыі, яны пачалі рух да Любчы. Партызанскія разведчыкі атрымлівалі звесткі аб канцэнтрацыі гітлераўцаў каля Нягневіч. Раніцай 6 ліпеня 1944 года, акружыўшы Любчу паўколам, вораг пачаў наступленне на пазіцыі партызан.


Камандзір групы разведкі Іван Малуха і яго таварышы Павел Курапата і Мікалай Сафронаў выявілі на падыходзе да вёскі Ачукевічы некалькі нямецкіх танкаў і бронемашын. Аб гэтым паведамілі ў штаб брыгады. Адразу былі прыняты меры па ўмацаванні абароны з указанага напрамку. Райцэнтр Любчы з боку Сенна абараняўся партызанскім атрадам імя Жданава, з Ачукевіч – атрадам імя Варашылава, з Галыні – атрадам імя Дзяржынскага. Абарончы рубеж атрада імя Катоўскага праходзіў па сядзібе Войнава. У рэзерве штаба брыгады знаходзіўся партызанскі атрад імя Свярдлова, які пасля першай атакі ворага быў вылучаны на рубеж паміж Ачукевічамі і Галынню.

Да камандзіра брыгада К.Ф. Шашкіна, які знаходзіўся на камандным пункце ля любчанскага касцёла, пад’ехалі на ўзмыленых конях разведчыкі з атрада імя Катоўскага. Гэта былі Альфонс Пятраш, Генадзь Гоцка і Іван Пыпараў. Яны далажылі, што вораг сканцэнтроўвае сілы ля вёскі Галынь. Відаць, разлічвае нанесці ўдар паміж атрадамі імя Катоўскага і Дзяржынскага, прарваць лінію абароны партызан і ўварвацца ў райцэнтр. Камандзір брыгады аддаў загад камандзіру нашага атрада Аляксандру Ляошка – сіламі двух рот нечаканай атакай з фланга ўдарыць па ворагу! Наступленне катоўцаў аказалася настолькі нечаканым і моцным, што прымусіла гітлераўцаў адкаціцца на зыходныя пазіцыі.

На ўчастку абароны атрада імя Варашылава фашысты пачалі трэцюю атаку. Яны не ведалі, што ў гэтым напрамку былі сканцэнтраваны лепшыя сілы нашай брыгады. На будынку касцёла партызаны ўстанавілі кулямёт. Непадалёку была гармата і супрацьтанкавае ружжо. Па лініі абароны ў патрэбных месцах паставілі мінамёты. Але запасаў снарадаў і мін хапала ненадоўга. У самы разгар бою камандзір атрада імя Варашылава Афанасій Гаўрыш з камандзірам роты Іванам Мешкавым кінуліся на ўчастак, дзе, здавалася, вось-вось будзе прарвана лінія абароны. Справа дайшла да рукапашнай бойкі. Тут асабліва вызначылася аддзяленне, якім камандаваў Нікадзім Бушміч. Вораг не вытрымаў і адкаціўся назад. Затым на гэту лінію абароны выехалі некалькі нямецкіх танкаў. Агнём партызанскай гарматы і супрацьтанкавай стрэльбы быў падбіты і спалены першы з іх. Два наступныя зрабілі паварот для абходнага манеўру. Аднак абодва былі падбіты. Захліснулася і трэцяя атака гітлераўцаў.

Шостую гадзіну ішоў жорсткі бой. Партызанскай брыгадай адбіты чацвёртая і пятая атакі праціўніка. Негледзячы на страты ў жывой сіле і тэхніцы, вораг насядаў на ўчастак абароны атрада імя Жданава. Ён імкнуўся пра­рваць абарону і вырвацца да пераправы праз Нёман. З боку Галыні вялікае падраздзяленне ворага пачало наступленне на абарончы рубеж катоўцаў каля сядзібы Войнава. Цэнтральным участкам абароны, які праходзіў па мясцовым парку, кіраваў начальнік штаба атрада імя Катоўскага лейтэнант Канстанцін Думбасар. Камандны пункт знаходзіўся на правым флангу абароны на невялікім узвышшы. На камандным пункце размясціліся камандзір атрада Аляксандр Ляошка, камісар Мікіта Чанцоў і я, аўтар гэтых успамінаў. Але мне хутка загадалі ўзначаліць абарону левага фланга. Гэты ўчастак быў складаным, праходзіў па адкрытай мясцовасці, але меў зручны для ўкрыцця глыбокі прыдарожны кювет.

Ад сярэдзіны парку і да драўлянай царквы абарону трымала рота лейтэнанта Канстанціна Антонава. На яе левым фланзе знаходзілася група маладых партызан. Сярод іх было каля 20 чалавек былых паліцэйскіх, якія добраахвотна перайшлі на наш бок. Некаторыя з іх не паспелі нават змяніць форму ворага. Не раз, будучы побач з імі ў момант бою, у мяне ўзнікалі думкі аб іх нена­дзейнасці. Аднак яны трымаліся спакойна, дзейнічалі рашуча, спадзеючыся крывёю загладзіць сваю віну перад Радзімай.


Вораг наблізіўся да лініі абароны катоўцаў паўзком па жытнёвым полі. Наступіў крытычны момант. Па радах партызан была перада­дзена каманда:

– Падрыхтавацца да атакі...

Затым:

– Устаць у атаку!

А за гэтым паследавалі ўказанні для кожнай роты. У адзіным парыве ўзнялася рота лейтэнанта Сяргея Іліцы. Камандзір аддзялення Мікалай Яцук з гранатай у руцэ кінуўся на ворагаў. Камандзір другога аддзялення Васіль Прыгаршнеў у ходзе атакі, вырваўшыся наперад, касіў ворагаў з ручнога кулямёта да таго часу, пакуль у дыску не засталося ніводнага патрона. Потым глушыў непрыяцеля прыкладам... Схватка была кароткай, вораг аказаўся адкінутым, але без страт не абышлося. Менавіта ў гэты момант загінуў камсамолец Мікалай Яцук.

Вораг, перагрупаваўшы сілы, пад прыкрыццём танкаў і артылерыйскай страляніны распачаў новую атаку па ўсёй лініі абароны партызан – ад Любчанскага замка і да Войнава. З боку Сенна танкі, прарваўшы нашу абарону, накіраваліся ў цэнтр Любчы. Адзін з іх спыніўся ля пераправы праз Нёман, другі – на вуліцы ля царквы. Ворагі працягвалі страляць з пушак па будынках. Жыхары пасёлка яшчэ за некалькі дзён да пачатку бою эвакуіраваліся за Нёман, у пушчу.

Нямецкія танкі і артылерыя маглі дашчэнту зруйнаваць пасёлак. Гэтыя абставіны ўскладнялі абарончыя дзеянні партызан. Зыходзячы з гэтага, камандаванне брыгады прыняло рашэнне аб арганізаваным адыходзе. Праз некаторы час па вуліцы ў напрамку Войнава памчаліся тры коннікі. Гэта былі разведчык-катовец Леанід Бахар, намеснік камісара брыгады Міхаіл Макулік і сакратар Баранавіцкага падпольнага абкама камсамола, які знаходзіўся ў той час у брыгадзе, Філат Башкінцаў. Яны перадалі у атрады загад камандзіра брыгады аб адыходзе ў напрамку Дзяляціч. Партызанская брыгада адышла на перафарміраванне, каб на наступны дзень зноў з боем увайсці ў райцэнтр. Вечарам таго ж дня з боку Мінска пачулася раскацістая артылерыйская кананада. Яна напомніла гітлераўцам, што блізкі час пакарання. У баі за райцэнтр вораг панёс вялікія страты – звыш 300 чалавек. У іх ліку былі таксама і захопленыя партызанамі палонныя.


Раніцай 8 ліпеня 1944 года байцы партызанскай брыгады пры падтрымцы воінаў 69-га стралковага корпуса 49-й арміі, атакаваўшы акупантаў, канчаткова вызвалілі Любчу. Нямала байцоў страціла брыгада імя Дзяржынскага падчас гэтых баёў. З ліку партызан толькі нашага атрада імя Катоўскага загінулі смерцю храбрых Мікалай Анікейчык, Адольф Барысевіч, Аляксандр Дзяргач, Міхаіл Богуш, Вікенцій Несцяровіч... Страты людзей у іншых атрадах мне не былі вядомы. Гэтым боем партызанская брыгада імя Дзяржынскага Лідскага злучэння завяршыла свой баявы шлях і на працягу некалькіх тыдняў яна была расфарміравана. У асноўным яе асабовы састаў папоўніў рады дзеючай арміі, а частка былых партызан атрымала накіраванне для работы ў партыйных, савецкіх, гаспадарчых органах Любчанскага і Навагрудскага раёнаў.

Паводле ўспамінаў бацькі запісаў Мікалай Грабёнкін.

Працяг будзе.

Частка 1  Частка 2  Частка 3   Частка 4