Апошні патрон. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 5)

Апошні патрон. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 5)

Апошні патрон. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 5)

19 мая 2020 1864

Наш партызанскі атрад імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага паступова папаўняўся новымі людзьмі. Узброіць іх не было чым. Недахоп зброі і боепрыпасаў у перыяд 1942-1943 гадоў не даваў нам магчымасці стаць гаспадарамі становішча ў сваёй зоне.

Немцы і іх прыслужнікі – паліцаі шнырылі па вёсках, каб высачыць партызан і іх сувязных. Таму нам даводзілася мяняць месца стаянак, падзяліўшыся на некалькі груповак. 8 чэрвеня 1942 года частка нашых таварышаў знаходзілася ў Нямераўскім лесе, непадалёку ад вёскі Поўбераг. У гэты дзень паліцаі з гарнізонаў Навагрудка, Любчы, Уселюба і Вераскава рабілі аблаву на партызан.

Трэба сказаць, што да яе паліцаі рыхтаваліся грунтоўна. За дзень да гэтага яны пачалі сканцэнтроўваць свае сілы каля ўрочышча Бярдзячага. Некаторыя накіраваліся ў млын, каб праверыць, ці няма там партызан. Заадно яны мелі намер пап’янстваваць у мельніка. Загадчык мельніцы Тарасевіч у тую пару ўжо падтрымліваў з намі канспіратыўную сувязь.

– Частуйцеся, панове, – запрашаў ён, а сам у думках здагадваўся пра аблаву. Мельнік зразумеў, з якой мэтай збіраюцца паліцаі ў адным месцы. Зірнуўшы ў двор, ён убачыў нашу сувязную Зінаіду Буй з Дубравіцы Уселюбскага сельсавета, якая прыехала ў млын.

– Пакідай зерне, – сказаў ёй Тарасевіч, – а сама ў любым выпадку адшукай партызан і паведамі, што ворагі падцягваюць сілы для аблавы.

Але як ні старалася Зінаіда, аднак групы, якія выйшлі на заданне, папярэ­дзіць ужо не змаглі. Раніцай паліцаі сутыкнуліся з партызанамі. Завязалася перастрэлка. Сілы былі няроўнымі, таму катоўцы пачалі адыходзіць у глыбіню лесу. У ходзе бою тры чалавекі аказаліся ў акружэнні. Пазіцыя іх была нязручнай: глыбокі яр, заросшы дзе-нідзе хмызняком. Гэта не давала магчымасці аказваць моцнае супраціўленне. Рэдкімі, але трапнымі выстраламі камсамольцы клалі напавал наступаючых ворагаў.

– Што будзем рабіць далей? – звярнуўся да малодшага лейтэнанта Міхаіла Сонцава радавы баец Уладзімір Чабураў.

– Трымацца да апошняга патрона. Не панікаваць! – загадаў малодшы лейтэнант. Не паспеў гэта сказаць, як раптам, узмахнуўшы аўтаматам, ён асунуўся на траву. Ад цяжкага ранення Сонцаў страціў прытомнасць. Валодзя кінуўся да лейтэнанта, але той ужо быў нерухомы, не дыхаў. Узяўшы зброю забітага, хлопец пачаў адстрэльвацца. На пазіцыі яны засталіся ўдвух – браты Уладзімір і Мікалай Чабуравы.

– Партызаны! Здавайцеся! – крычалі паліцаі. – Мы ўсё роўна вас знішчым.

– А кулі ў лоб не хочаш! – адазваўся Мікалай і злобна вылаяўся.

– Будзем, Валодзя, трымацца да апошняга патрона. Лепш смерць на гэтай траве, чым на нямецкай шыбеніцы.

Патроны былі на зыходзе. Ворагі, пачуўшы зацішша, асмялелі і зноў пайшлі ў наступленне, разлічваючы каго-небудзь узяць жывым. Раптам войкнуў ад болю Валодзя. Рана аказалася не смяротнай. У братоў засталося некалькі патронаў.

– Жывымі нас не возьмуць, – вырашылі браты.

Яны ўжо акружаны былі з усіх бакоў. Настаў час прымаць апошняе рашэнне.

– Брат, застрэль мяне, – папрасіў Валодзя.

Мікалай зірнуў на яго і заплакаў. Шкада, ой, як шкада стала роднага брата.  Разам раслі, з здной міскі елі, спалі на адным ложку, марылі аб будучыні. Пачалася вайна – добраахвотна пайшлі ў партызаны. А зараз трэба выстраліць у брата! Горш не прыдумаеш. Цяжка рашыцца выканаць просьбу Валодзі, але і іншага выйсця няма – палон яшчэ страшней: будуць пакуты, здзекі, катаванні і – усё роўна смерць. Дык лепш такая, якой ён просіць, якой жадае. Ён падышоў да Валодзі, стаў на калені і тры разы пацалаваў яго. Затым устаў, накіраваў дула карабіна Валодзю ў грудзі і націснуў на  курок... У гэты момант ён вакол сябе не заўважаў нічога. Адна думка свідравала галаву: толькі б паспець. І ён зняў бот, прыладзіў палец нагі  да курка карабіна, і... грымнуў выстрал у галаву.

Адразу ворагі не адважваліся падысці да іх. Пакуль, нарэшце, не пераканаліся, што страляць ужо ніхто з партызан не можа. А пасля паліцаі адправіліся ў Поўбераг вышукваць партызанскіх сувязных, біць і рабаваць насельніцтва.

Падрабязнасці гэтага бою сталі дасканала вядомы пасля вызвалення Навагрудчыны ад акупантаў. Тады былі асу­джаны за ваенныя злачынствы некалькі паліцаяў, якія акружылі нашых партызан у момант аблавы.

Паводле ўспамінаў бацькі запісаў Мікалай Грабёнкін.

Працяг будзе.

Частка 1  Частка 2  Частка 3   Частка 4