У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Памяці Алега Бабко

У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Памяці Алега Бабко

10 февраля 2019 1679

Сёння мы аддаём даніну памяці і павагі яшчэ аднаму навагрудчаніну, выпускніку сярэдняй школы №3 г. Навагрудка, воіну-інтэрнацыяналісту, жыццё якога забрала страшная афганская вайна – Алегу Бабко. Яго няма ўжывых, але памяць пра яго жыве ў нашых сэрцах, сэрцах вучняў і настаўнікаў школы.

Нарадзіўся Алег Бабко 10 сакавіка 1965 года ў сям’і Аляксандра Ільіча і Софіі Савічны Бабко. У 1982 годзе закончыў сярэднюю школу №3 і ўладкаваўся на работу на завод газавай апаратуры. У сакавіку 1983 года Алег быў прызваны ў армію. У Казахстане васямнаццацігадовы юнак прайшоў курс маладога байца па падрыхтоўцы вадзіцеляў аўтамабіля. Служыць быў накіраваны ў Афганістан, дзе забяспечваў падвоз снарадаў да гармат.

У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу!

…Ён быў такім, як ўсе, але калі прыйшла бяда, менавіта ён закрыў сваімі грудзьмі ўсіх: і тых, хто быў з ім побач, і тых, хто ў гэты час мірна і ціха спаў, нават не думаючы пра тое, што дзесьці праліваецца кроў і гінуць людзі.

Як вызначыць тыя грані, што выдзялялі яго сярод іншых, чалавека, у якога заўсёды адкрыта душа. У Алега было шмат сяброў. У яго жыцці было ўсё: і добрае, і дрэннае… Калі прыйшоў час, Алег, як і тысячы іншых рабят, пайшоў у армію. І армія стала для яго той школай, дзе ён спазнаў жыццё. Па прыказе і абавязку ён трапіў на службу ў абмежаваны кантынгент войск у Афганістан. Цяжка там было не толькі яму. Усім цяжка: і людзям, і тэхніцы. Там, дзе не вытрымлівала тэхніка, такія рабяты, як Алег, ускладвалі на свае плечы яе работу.

Бобко Олег

2 верасня 1984 года за 10 кіламетраў ад Кабула Алег Бабко быў цяжка паранены пры ракетным абстрэле нашай артылерыйскай батарэі.

Ён зараджаў рэактыўны снарад. У гэты час побач разарвалася рэактыўная міна, асколкам якой быў паранены Алег і задзеты быў снарад. Рэактыўнае ўстройства спрацавала. І полымя, пакуль яшчэ ціхае і спакойнае, вырвалася з сапла. Кінь яго і адбяжы ўбок – Алег застаўся б ужывых. Проста…, але побач таварышы, іх жыцці поўнасцю ў тваіх руках. Лічаныя секунды, долі секунды – і рашэнне прынята. Адно… Важнае… Патрэбнае… Ён, пераадольваючы боль ад асколкаў і яшчэ большы боль у грудзях і на твары ад полымя з сапла, накіраваў усе сілы, каб устанавіць снарад і папярэ­дзіць узрыў. І ўзрыў не адбыўся, але былі апалены твар, рукі і грудзі…

На верталёце яго даставілі ў шпіталь.

2 верасня 1984 года Алег Бабко памёр у шпіталі, не прыходзячы ў прытомнасць ад атрыманых апёкаў і асколачнага ранення.

У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу… Алег не думаў, што яго здзейсніць… Ён проста рабіў усё, што ў яго сілах дзеля выратавання таварышаў. Ён служыў свайму народу, сваёй Радзіме. А калі спатрэбілася, ён аддаў сваё жыццё!

Пахаваны на радзіме ў Навагрудку. Пасмяротна Алег Бабко ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

«Памяці Алега Бабко» –

пад такою назваю ў музеі Баявой Славы ў сярэдняй школы №3 адкрыта і дзейнічае экспазіцыя, якая прысвечана воіну-інтэрнацыяналісту, выпускніку школы Алегу Бабко. Тут захоўваюцца асабістыя рэчы, дакументы, пісьмы Алега, якія школе перадала матуля Софія Савічна Бабко. У школьным музеі захоўваецца шмат успамінаў аднакласнікаў, класнага кіраўніка, а таксама саслужыўцаў нашага земляка. Падчас тэматычнай экскурсіі «Афганістан – наш боль» юныя экскурсаводы расказваюць пра жыццё і подзвіг выпускніка школы Алега Бабко.

04.02.2019 417 04.02.2019 418 04.02.2019 425 04.02.2019 447

У роднай школе ўшаноўваецца памяць пра слаўнага выпускніка, воіна-афганца. Пярвічная арганізацыя грамадскага аб’янання «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» СШ №3 носіць імя Алега Бабко. Вучні старэйшых класаў разам з настаўнікамі аказваюць  дапамогу ва ўборцы пахавання воіна-інтэрнацыяналіста Алега Бабко, а таксама рабяты наведваюць матулю Алега  Софію Савічну Бабко.

З успамінаў класнага кіраўніка Валянціны Георгіеўны Гаховіч:

– Бабко Алег… Так запісана ў класных журналах, пасведчанні аб заканчэнні 8 класаў і атэстаце сталасці. У класе ж усе называлі яго Алежкам ці Бобачкам. Па-другому не атрымлівалася. Алежка быў вельмі добры, ласкавы, уважлівы да людзей. Яго любілі таварышы і дарослыя. На Алега нельга было злавацца: яго адкрытая ўсмешка падкупляла любога. На камсамольскіх сходах і класных гадзінах быў прынцыповы, патрабавальны не толькі да таварышаў, але і да сябе. Яго выступ­ленні на палітінфармацыях адрозніваліся глыбінёй думкі і палітычнай сталасці. Алег вельмі любіў чытаць. Новая прачытаная кніга станавілася прадметам абмеркавання ў класе. Яго цікавіла ўсё: і матэматыка, і літаратура, і гісторыя, і фізіка, і хімія.

скан_нж.бел_0022

Вучыўся ён добра. Асабліва падабалася Алегу пісаць сачыненні на вольныя тэмы, дзе можна было выказаць свае пажаданні, свае пачуцці. 

Што было яго любімым захапленнем? Па-мойму, – спорт. Футбол. Вось ён з Андрэем Падалянчыкам з мячом у руках усміхаецца сваёй чароўнай усмешкай, як жывы глядзіць на нас з фотаздымка. А перада мною ён паўстае у іншых сітуацыях: на перапынку ў класе, скарыстоўваючы ўвесь свой гумар, імкнецца «зара­зіць футболам» Свету Ваніла і Наташу Антановіч; у аўтобусе падчас паездкі ў Брэст весяліць усіх гумарыстычнымі расказамі, імкнецца зрабіць так, каб усім было весела… А вось ён усміхаецца, як заўсёды. Са званочкам у руках, які падарылі васьмікласнікі на апошнім званку. Шчасце, чаканне чагосьці асаблівага – на яго твары. А вось ён, падцянуты, строгі, у цёмным касцюме, на выпускным вечары.

Цяжка ўявіць, што Алежкі няма. Але Алег ёсць, ён будзе заўсёды сярод нас. Яго імя, яго подзвіг, як зорачка на небе, свеціць на шлях тых, хто маладзейшы за яго. Яго нядоўгае жыццё – сведка высокай значнасці савецкага чалавека, яго маральнай і духоўнай прыгажосці, яго велічы».

1 IMG_4493

Вольга Пісар, «НЖ»

Варта пачытаць:

Памяти Олега Бобко (Видео)

Верш «Шураві-Афганістан» Алена Піразева напісала пад уплывам расказаў мужа аб службе ў Афганістане (+Видэа)