Аб асаблівасцях работы ў новым навучальным годзе расказала начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз

Аб асаблівасцях работы ў новым навучальным годзе расказала начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз

16 сентября 2019 2005

У рэдакцыі газеты мы вялі размову аб асаблівасцях работы ў новым навучальным годзе з начальнікам упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людмілай Васільеўнай Мароз падчас «прамой лініі». Званкоў было няшмат: усяго тры пытанні прагучалі ў адрас Людмілы Васільеўны. Яны датычыліся мер бяспекі пры падвозе дзяцей ва ўстановы адукацыі, карыстання сучаснымі гаджэтамі на ўроках і асабістай думкі кіраўніка ўпраўлення адукацыі наконт сістэмы падліку балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Мы таксама падрыхтавалі пытанні, на якія Людміла Мароз таксама згадзілася адказаць.


 

Прэзідэнт нашай краіны гаворыць аб неабходнасці павышэння ўзроўню даходаў настаўнікаў і работнікаў дашкольных устаноў. А як ідуць справы ў нашым рэгіёне?

Калі гаварыць пра сярэднюю заработную плату ўсіх работнікаў, якія працуюць у сферы адукацыі, то яна за студзень-ліпень 2019 года склала 679 рублёў, што на 12,7% больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года. Дадзены рост заработнай платы з’яўляецца вынікам змены ў 2019 годзе заканадаўства па аплаце працы, а таксама развіцця пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі раёна. Сярэдняя заработная плата настаўнікаў павялічылася на 17,2% і склала 821 рубель, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі – на 15,6% і склала 694 рублі.


У адным з інтэрв’ю міністр адукацыі Ігар Карпенка заўважыў, што работа над удасканаленнем школьных праграм – гэта пастаянны працэс. Але ўсё ж такі Вы можаце сказаць, ад чаго, напрыклад, адмовіліся ўжо ў гэтым навучальным годзе, каб разгрузіць вучняў, ці, можа, якія-небудзь змены ўнесены ў школьныя падручнікі?

У гэтым навучальным годзе завершыцца пераход на новыя вучэбныя праграмы на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, які пачаўся ў 2015 годзе. Яны ўводзяцца ў 9 класе. Такім чынам, у гэтым годзе ўсе вучні з 1 па 9 клас будуць вучыцца па абноўленых праграмах, а канчатковы пераход адбудзецца ў 2021/2022 гадах. Асноўная задача – разгрузіць вучняў, прывесці праграмы ў адпаведнасць з узроставымі пазнавальнымі магчымасцямі дзяцей. Частка матэрыялу перанесена з аднаго класа ў другі, скарочаны шэраг тэрмінаў і паняццяў, абавязковых для засваення, колькасць лабараторных і практычных работ па хіміі, геаграфіі.

З гэтага года ў 6-8 класах не вывучаецца прадмет «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», яго будуць вывучаць толькі ў 2-5 класах. Гэта дазволіць знізіць вучэбную нагрузку ў 6-8 класах. А вывучаць бяспеку жыццядзейнасці вучні змогуць на пазакласных і факультатыўных занятках, некаторыя раздзелы гэтага прадмета ўключаны ў вучэбныя праграмы па іншых прадметах.

Вучэбны прадмет «Чарчэнне» перанесены ў 10 клас. Цяперашнія 9-класнікі будуць вывучаць яго ў 2020-2021 навучальным годзе, калі пяройдуць у 10 клас.

Раскажыце аб кадравым патэнцыяле. Колькі маладых спецыялістаў прыступіла да працы і па якіх спецыяльнасцях па-ранейшаму адчуваецца кадравы «голад»?

У 2019/2020 навучальным годзе адукацыйны працэс забяспечваюць 977 педагагічных работнікаў. 79% педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, 65% – вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. У бягучым навучальным годзе сістэма адукацыі папоўнілася 29 маладымі спецыялістамі. Гэта настаўнікі пачатковых класаў, замежнай мовы, беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, фізічнай культуры, настаўнікі-дэфектолагі, выхавальнікі. Па-ранейшаму не хапае настаўнікаў матэматыкі, педагогаў-псіхолагаў, педагогаў дашкольнай адукацыі, таму праводзім прафарыентацыйную работу з нашымі выпускнікамі і арыентуем іх на паступленне на педагагічныя спецыяльнасці, запатрабаваныя ва ўстановах адукацыі.


Раскажыце аб найбольш значных інавацыйных праектах у навучальных установах, якія садзейнічаюць павышэнню якасці адукацыі?

Працягваецца работа па стварэнні роўных умоў для ўсіх вучняў – школ і гімназій. На II ступені агульнай сярэдняй адукацыі на павышаным узроўні з V класа можа вывучацца вучэбны прадмет «Замежная мова», а з VIII класа – любы вучэбны прадмет ці прадметы з ліку вызначаных тыпавым вучэбным планам. У 2019/2020 навучальным годзе замежную мову на павышаным узроўні вывучаюць 254 вучні, рускую мову – 45, матэматыку – 17.

Ажыццяўляецца рэалізацыя профільнага навучання ў 10-11 класах. Асобныя прадметы на павышаным узроўні вывучаюць 236 вучняў, што складае 64 % ад агульнай колькасці вучняў ІІІ ступені навучання.

Працягваюць працаваць класы прававой, педагагічнай, аграрнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці. З 2019/2020 навучальнага года ёсць магчымасць адкрыцця спартыўна-педагагічных класаў.

Прадоўжана практыка адкрыцця класаў прафесійнай накіраванасці. На базе гімназіі № 1, СШ № 4, 5 г. Навагрудка функцыянуюць педагагічныя групы, у СШ № 3 г. Навагрудка – прававыя класы, у СШ № 7 г. Навагрудка – класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, у СШ № 4, 5 і 7 г. Навагрудка – спецыялізаваныя па спорце класы. Арганізавана работа груп аграрнай накіраванасці ў Гарадзечненскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, Любчанскай і Нягневіцкай сярэдніх школах.


У грамадстве гучыць крытыка ў адрас цэнтралізаванага тэсціравання і сістэмы падліку балаў. Хацелася б пачуць Вашу думку па гэтым пытанні.

Я лічу, што сістэма цэнтралізаванага тэсціравання апраўдвае аб’ектыўнае ацэньванне. Калі пры вусным экзамене мог адыграць ролю фактар суб’ектыўны, то ў сістэме тэсціравання ацэньваюцца толькі рэальныя, фактычныя веды школьнікаў.

Новая методыка, несумненна, дае перавагу ў балах тым вучням, чые веды далёкія ад ідэалу. Але ж яна прымяняецца да ўсіх абітурыентаў. Таму адносна адзін аднаго яны атрымаюць адэкватныя балы. Моцныя вучні ўсё роўна пакажуць адпаведны ўзровень. А ўлічваючы тое, што ўстановы вышэйшай адукацыі прымаюць абітурыентаў на пэўную колькасць месц, толькі самыя дастойныя становяцца студэнтамі.

Як складваюцца справы з падвозам дзяцей у сельскай мясцовасці, ці ёсць праблемы з транспартам? Як выконваюцца патрабаванні бяспекі дзяцей?

Згодна з рашэннем Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта, у 2019/2020 навучальным годзе ажыццяўляецца падвоз 503 навучэнцаў, з іх 106 дзяцей дашкольнага ўзросту са 102 населеных пунктаў. Да пачатку навучальнага года ўстановамі адукацыі падпісаны пашпатры маршрутаў. Падвоз ажыццяўляюць 16 аўтобусаў па 47 маршрутах. Варта адзначыць, што за апошнія пяць гадоў упраўленнем адукацыі набыта 6 аўтобусаў.

Кожны аўтобус перад выездам праходзіць праверку тэхнічнага стану. Для забеспячэння бяспечнага руху дзяцей да месца вучобы і назад іх абавязкова суправаджае назначаны загадам кіраўніка ўстановы адукацыі педагог.


Зараз шмат гавораць аб праблеме выкарыстання дзецьмі мабільных тэлефонаў у школе, у тым ліку і на ўроках. Як абстаяць справы ў нашых школах, бо пастаяннае знаходжанне ў гаджэтах негатыўна ўплывае і на іх вучобу?

Цалкам забараніць тэлефоны ў школе, на мой погляд, нельга. Дзіця прыйшло на заняткі – патэлефанавала бацькам, вяртаецца дадому – таксама патэлефанавала. Гэта яшчэ і пытанне бяспекі. Але на занятках тэлефонаў быць не павінна: яны адрываюць ад навучальнага працэсу, прычым як вучня, так і настаўніка.

Яшчэ да пачатку 2018/2019 навучальнага года ўстановамі адукацыі ў правілы ўнутранага працоўнага распарадку ўнесены змяненні ў частцы забароны карыстання мабільнымі прыладамі падчас правядзення заняткаў, праведзена работа па абсталяванні месц у класах для захоўвання мабільных тэлефонаў. Такая практыка працягваецца і ў 2019/2020 навучальным годзе.

Падрыхтавала Алена Ермакова, “НЖ”

Фота з архіва рэдакцыі