«Вадкія батарэйкі»: у энергетыкаў эфект акрылення, ці знішчэння?

«Вадкія батарэйкі»: у энергетыкаў эфект акрылення, ці знішчэння?

«Вадкія батарэйкі»: у энергетыкаў эфект акрылення, ці знішчэння?

15 июня 2020 1408

У апошнія гады, наведваючы магазін, вельмі часта на касе сустракаю падлеткаў з бляшанкамі энергетычных напіткаў у руках. Адны купляюць для разнастайнасці вольнага часу, іншыя каб заставацца ў тонусе падчас напружанай вучобы. Расказы пра «цудадзейныя» ўласцівасці «вадкіх батарэек» можна пачуць і з вуснаў вадзіцеляў, якія звяртаюцца да энергетыкаў, каб быць бадзёрымі падчас доўгай дарогі. Кажуць, адна банка зараджае на некалькі гадзін. Але чаго варта такая актыўнасць?

Знайсці энергетычныя напіткі сёння можна практычна ў любым магазіне. Тавар, аказваецца, даволі даступны. За бляшанку энергетыка аб’ёмам 250 мл прыйдзецца заплаціць менш чым 1 руб., аб’ёмам 500 мл – парадку 1,5–2,5 руб. Набыць іх можна і ў анлайн-магазінах.

Дзеля эсперыменту вырашыла праверыць «чароўныя» ўласцівасці энергетыка на сабе. Набыла адну бляшанку вядомага брэнда. На смак – звычайная салодкая газіроўка з прыемным насычаным пахам, але занадта салодкая! Не ведаю, што канкрэтна паўплывала – колькасць вугляводаў або аб’ём кафеіну, але пасля энергетыка сіл, сапраўды, прыбавілася. Праўда, калі праз пару гадзін дзеянне напітку скончылася, адчула заняпад сіл і галаўны боль.


Што ж адбываецца з арганізмам пры рэгулярнай «зарадцы» такімі напіткамі? Мяркуючы па навінах у Інтэрнэце, нічога добрага. Так, студэнт з Мінска ў ноч перад экзаменам выпіў тры банкі энергетычнага напітку. Ужо на самым экзамене хлопец адчуў сябе нядобра, а па шляху дадому і зусім страціў прытомнасць. У бальніцы хуткай дапамогі яму паставілі дыягназ гіпертанічны крыз, а да гэтага 20-гадовы малады чалавек ніколі не скар­дзіўся на здароўе. На жаль, вядомыя выпадкі і са смяротным зыходам. Напрыклад, у ЗША 16-гадовы школьнік выпіў спачатку газіроўку з кафеінам, потым каву латтэ і завяршыў свой марафон энергетыкам – праз 2 гадзіны хлопец памёр.

Эйфарыя таго варта?

– Наступіла эра хранічнай стомленасці: стрэсы, нервы, дэфіцыт вітаміна D, недасыпанне, шматзадачнасць, нерацыянальнае харчаванне. Спачатку мы не клапоцімся пра сябе. Потым спрабуем неяк выправіць становішча, пачынаючы шкодзіць сабе яшчэ мацней у спробе «выціснуць апошнія сокі» з нашага цела, і   звяртаемся да энергетычных напіткаў, здольных стымуляваць псіхаэмацыянальную і фізічную актыўнасць арганізма, – тлумачыць раённы ўрач-педыятр Навагрудскай цэнтральнай раённай бальніцы Вольга ГІЗ. – Аналізуючы склад энергетыкаў, прадстаўленых на беларускім рынку, можа здацца, што перад намі ледзь не лекі. Але спяшацца радавацца не варта.

– Базавыя складнікі энергетыкаў, якія і дораць спажыўцам адчуванне бадзёрасці, – гэта вугляводы і кафеін, – падкрэсліла Вольга Міхайлаўна. – Важна ўлічыць, што ў складзе энергетычных напіткаў звычайна знаходзяцца хуткія вугляводы: цукар, глюкоза, фруктоза, ізамальтоза. Такія вугляводы ствараюць скачок цукру і інсуліну і могуць спрыяць набору вагі. Што датычыцца кафеіну, то ўстаноўлена, што эфект ад яго ў дозе больш 300 мг перастае прырастаць. Гэта значыць, кафеін у дозе больш за 300 мг ужо не дае ніякіх фізічных і разумовых пераваг, затое цалкам можа выклікаць пабочныя эфекты.


– Да якіх негатыўных наступстваў можа прывесці празмернае ўжыванне энергетыкаў?

– Інтаксікацыя кафеінам прыводзіць да пачашчэння сэрцабіцця, павышэння артэрыяльнага ціску, млоснасці, рвоты, псіхозу і ў рэдкіх выпадках нават да смерці. Выклікае неўралагічныя і сардэчна-сасудзістыя парушэнні, дэпрэсію, зніжэнне кагнітыўных здольнасцей, а таксама прыводзіць да фарміравання залежнасці і схільнасці да наркаманіі і алкагалізму. Кафеін аслабляе дзеянне снатворных і наркатычных сродкаў, узбуджае дыхальны і сасударухальны цэнтры. Таксама адмоўна ўздзейнічае на страўнікава-кішачны тракт і можа прывесці да абвастрэння язвы і гастрыту, – адзначыла ўрач.   

Прыём танізаваных напіткаў забаронены:

– асобам да 18 гадоў;

– цяжарным і жанчынам, якія кормяць немаўля;

– людзям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі;

– пры хваробах падстраўнікавай залозы 
і нырачнай/ пячоначнай недастатковасці;

– пры парушэннях сну;

– пры дыябеце, язве, эпілепсіі;

– пры глаўкоме.

– Вытворцы папярэджваюць, што энергетычныя напіткі нельга ўжываць з алкаголем. Чаму?

– Алкаголь і энергетычныя напіткі прыводзяць да ўзмацнення эфектаў абодвух кампанентаў. Наступствы ад такой камбінацыі аказваюцца куды горшымі, чым ад алкаголю самога па сабе. Энергетыкі аказваюць стымулюючае ўздзеянне на нервовую сістэму, а алкаголь – прыгнятальнае. Кафеін хавае адчуванне ап’янення, аднак не зніжае шкоды ад алкаголю. Гэта прыводзіць да таго, што людзі перастаюць кантраляваць колькасць выпітага і ўжываюць значна больш, чым звычайна, – канстатуе Вольга Гіз.


У зоне рызыкі – дзеці і падлеткі

– Рост спажывання энергетыкаў у свеце ўяўляе небяспеку для здароўя насельніцтва, асабліва для маладога арганізма, – адзначае Вольга Міхайлаўна. – Даследаванні, праведзеныя навукоўцамі ў шэрагу краін, даказалі, што энергетычныя напіткі пагражаюць неакрэпламу арганізму падлетка 100-працэнтным прывыканнем і будучай залежнасцю. Энергетык энергіі не дае, а прымушае арганізм выкласці ўнутраны запас сіл. З часам, каб дасягнуць жаданага эфекту, маладому чалавеку прыйдзецца падвойваць колькасць энергетычнага напітку. Такога роду залежнасць нічым не адрозніваецца ад алкагольнай або наркатычнай. Спажыўшы энергетык, падлеткі ўпадаюць у эйфарыю ад уяўнай здольнасці звярнуць горы, аднак гэты эфект вельмі хуткаплынны, яго зменяць прыгнечанасць, спустошанасць і разбіты стан. Гэта прывядзе да бяссонніцы, раздражнення, дэпрэсіі, парушэння работы цэнтральнай нервовай сістэмы.

Забаронены плод

У асобных краінах дзейнічае забарона на продаж энергетычных напіткаў для асоб, якія не дасягнулі паўналецця. У прыватнасці, такія меры прынятыя ў Літве, Латвіі, некаторых рэгіёнах Расіі. Як паведаміў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Навагрудскага РАУС Максім Урбан, па беларускім заканадаўстве забарона на продаж энергетычных напіткаў непаўналетнім у звычайных гандлёвых кропках адсутнічае. Аднак маркіроўка на кожнай упакоўцы энергетыка папярэджвае: «Не рэкамендуецца выкарыстанне дзецьмі ва ўзросце да 18 гадоў». Добрасумленныя вытворцы пішуць і аб бяспечнай дозе – не больш як адну банку ў дзень.

Але нават забарона энергетыкаў – не панацэя. Куды важней з ранніх гадоў вучыць дзяцей шанаваць сваё здароўе і выхоўваць пачуццё меры.

Падрыхтавала Настасся Леанідава, «НЖ»
З выкарыстаннем матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсаў.