Сцеражыцеся ўкусаў кляшчоў

Сцеражыцеся ўкусаў кляшчоў

07 Июля 2019 195

Чэрвень, ліпень, жнівень – перыяд актывізацыі іксодавых кляшчоў,  пераносчыкаў небяспечных для чалавека інфекцыйных захворванняў: клешчавага энцэфаліту
і хваробы Лайма. Эпідэмічная сітуацыя на захворване клешчавымі інфекцыямі ў раёне выклікае непакой: у 2018 годзе быў зарэгістраваны 1 выпадак клешчавага энцэфаліту і 9 выпадкаў хваробы Лайма.

Узбуджальнікі клешчавага энцэфаліту і хваробы Лайма перадаюцца чалавеку праз прысмоктванне заражоных іксодавых кляшчоў. Заразіцца клешчавым энцэфалітам магчыма таксама праз сырое казінае малако.

Асноўным мерапрыемствам, накіраваным на зніжэнне колькасці кляшчоў і мінімізацыю іх кантакту з насельніцтвам, з'яўляецца ўтрыманне тэрыторый населеных пунктаў у здавальняючым стане, іх добраўпарадкаванне і ачыстка, скошванне травы. Хімічны метад барацьбы прымяняецца як дадатковая мера пры адпаведнай колькасцi іксодавых кляшчоў. Проціклешчавая апрацоўка прысядзібных і дачных участкаў праводзіцца спецыялістамі аддзялення ачаговой і прафілактычнай дэзінфекцыі Навагрудскага занальнага ЦГЭ на платнай аснове (звяртацца: г. Навагрудак, вул. Савецкая, 71, тэл. 44754).

Пры наведванні лесу варта абараніць сябе ад напа­дзення кляшчоў. Выкарыстоўвайце супрацьклешчавыя рэпеленты для апрацоўкі адзення згодна з інструкцыяй. Неабходна адпаведным чынам апрануцца (кашуля з доўгімі рукавамі і шчыльнымі манжэтамі, штаны павінны быць запраўлены ў шкарпэткі). У якасці абутку лепш выкарыстоўваць гумавыя боты, галаву прыкрываць хусткай, шапкай альбо капюшонам. Лепш, каб адзенне было аднатонным, бо ў такім выпадку кляшчы на ім лепш прыкметныя. Падчас знаходжання ў лесе абавязкова праводзіць сама-і ўзаемаагляды, а пасля вяртання – поўны агляд цела і адзення. Аглядаць не толькі адзенне, але і прадметы, што выносяцца з лесу, і жывёл. Пажадана не прыносіць дадому букеты лясных кветак, на якіх можа быць клешч.

У выпадку прысмоктвання кляшча яго трэба выдаліць як найхутчэй і лепш – у медыцынскай установе. Калі такой магчымасці няма, кляшча выдаляюць самастойна пры дапамозе баваўнянай ніткі, пінцэта, стэрыльнай іголкі. Рэзкія рухі пры гэтым недапушчальныя, нельга націскаць на брушка кляшча, бо магчыма выцісканне яго змесціва разам з узбуджальнікамі ў ранку. Месца ўкуса пасля выдалення апрацаваць настойкай ёду альбо іншым спіртавым растворам. Абавязкова звярніцеся да ўрача-інфекцыяніста, які назначыць прафілактычнае лячэнне.

Даследаваць кляшчоў на выяўленне ўзбуджальнікаў клешчавых інфекцый па жаданні пацыента можна на платнай аснове ў ДУ «Навагрудскі занальны ЦГЭ» (каб. №5). Па пытаннях прафілактыкі клешчавых інфекцый, даследавання кляшчоў можна пракансультавацца ў аддзеле эпідэміялогіі занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (тэл. 4-46-96), інфекцыйным аддзяленні ЦРБ (тэл. 2-69-88).

Даследаваць кляшча можна:

– у Гродзенскім абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па адрасе: г. Гродна, вул. Магістральная, 6/3 (што­дня з 8.30 да 16.00, акрамя нядзелі і святочных дзён; у суботу з 8.30 да 13.00; тэл.: 723502, 721635) – на наяўнасць узбуджальнікаў клешчавага энцэфаліту, хваробы Лайма, анаплазмоза, эрліхіёза. Кошт даследавання для грамадзян Рэспублікі Беларусь – 30,13 рублёў, для замежных грамадзян – 41,79 рублёў. Тэрмін выканання даследавання – 5 дзён;

– у Лідскім занальным ЦГЭ па адрасе: г.Ліда, вул. Чарняхоўскага, 1 (штодня з 8.00 да 16.00, абед 13.00-14.00, акрамя нядзелі і святочных дзён, у суботу з 8.00 да 12.00; тэл.: 622812) на наяўнасць узбуджальнікаў лайм-барэліёзу. Кошт даследавання 8,38 рублёў. Тэрмін выканання даследавання – 5 дзён.

Даследаванні кляшчоў на бясплатнай аснове метадам люмінесцэнтнай мікраскапіі на наяўнасць узбу­джальнікаў клешчавага барэліёзу праводзяцца:

– пры наяўнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў да прыёму лекавых сродкаў па накіраванні арганізацыі аховы здароўя;

– інвалідам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, воінам, якія прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі іншых дзяржаў пры прад'яўленні пасведчання.

Я. КОРКУЦЬ, урач-эпідэміёлаг, загадчык аддзела 

эпідэміялогіі Навагрудскага занальнага ЦГЭ