Каранавірус: чаму так многа шуму?

Каранавірус: чаму так многа шуму?

31 Января 2020 552
З гэтым пытаннем і іншымі мы звярнуліся да загадчыка інфекцыйнага аддзялення Навагрудскай ЦРБ Тамары Новікавай.


– Тамара Аляксандраўна, сёння ў інтэрнэце шмат рознай інфармацыі аб імклівым распаўсюджанні ў свеце новага каранавіруса nCoV-2019, які зарэгістраваны ў Кітаі. Што пра яго вядома?

– Ужо вядома, што каранавірус nCoV-2019 прыйшоў з рынку морапрадуктаў у г. Ухань, дзе і зарэгістраваны першыя захварэўшыя ў канцы снежня 2019 года. Вучоныя вызначылі, што крыніцай узбу­джальніка з’яўляюцца дзікія жывёлы, якімі гандлявалі на гэтым рынку.
Хвароба распаўсюджваецца ад чалавека да чалавека вельмі хутка, бо дадзены вірус мае здольнасць перакідвацца на ахвяру яшчэ падчас інкубацыйнага перыяду хворага, калі першыя сімптомы – дыярэя, млос­насць, галаўны боль, якія з’яўляюцца да тэмпературы, не выявіліся. Гэта карэннае адрозненне ад атыповай пнеўманіі. Сам жа інкубацыйны перыяд доўжыцца каля 10 дзён.
А чаму шуму так многа, бо гэта практычна першая ў гісторыі эпідэмія, якая трасліруецца практычна ў прамым эфіры ў інтэрнэце, сацыяльных сетках, каменціруецца інтэрнэт-карыстальнікамі, далёкімі ад медыцыны, якія і распаўсюджваюць розныя фэйкі.

– І што, нам хвалявацца няма чаго?

–Адразу хачу сказаць, што расстаўлены кропкі над «і» ў дыягназе мінчанкі, якая вярнулася з Шанхая: гэта не каранавірус nCoV-2019, а грып В, што пацвердзілі праведзеныя тэсты. У гэтай сітуацыі разбіраўся кансіліум, у склад якога ўвайшлі вядомыя ў нашай краіне спецыялісты, напрыклад, прафесар Ігар Карпаў, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ і галоўны ўрач Мінскай клінічнай бальніцы Мікалай Юроўскі і іншыя.
Тым больш, што гэта не першы вірус, які зведала чалавецтва. Скажам, чума выкошвала насельніцтва планеты на трэць некалькі разоў. Іспанка 1918-1919 гг. забрала, па розных ацэнках, ад 50 да 100 млн жыццяў. Гэта была самая смяротная эпідэмія ў ХХ ст., ды і сам факт з’яўлення невядомага навуцы віруса ўжо ў ХХІ ст., які перадаецца паветрана-кропельным шляхам не першы. Спачатку ў 2003-2004 годзе свет сутыкнуўся а атыповай пнеўманіяй (сіндром SARS), затым – з некалькімі разнавіднасцямі так званага «птушынага» грыпу, потым прыйшоў новы штам грыпу H1N1, пасля ліхаманка Эбола, ліхаманка Зіка. 
Час ад часу ў свеце з’яўляюцца невядомыя вірусы, але і навука не стаіць на месцы. Зараз ёсць магчымасць аператыўна ідэнтыфікаваць вірус, старанна назіраць за ім, арганізаваць строгі эпідэміялагічны кантроль. Калі ў пачатку 2000-х доўга не маглі зразумець, што з’яўляецца ўзбуджальнікам атыповай пнеўманіі, то цяпер ужо 7 студзеня, практычна праз тыдзень пасля таго, як Кітай абвясціў аб успышцы эпідэміі ў г. Ухань, новы каранавірус быў ідэнтыфікаваны. Цяпер трэба вызна­чыць яго гаспадара ў жывёльным свеце і змагацца з захворваннем будзе значна лягчэй.

– Ужо абмяркоўваюць, што пераносчыкам nCoV-2019 з’яўляюцца кажаны…

– Як мне вядома, гэта адна са шматлікіх версій. Увогуле першы каранавірус быў адкрыты ў сярэдзіне 60-х гадоў ХХ ст. і вельмі хутка было выяўлена каля паўтара дзясятка яго разнавіднасцей, прычым – 3 небяспечныя для людзей. А з вядомых каля 40 каранавірусаў не менш чым 7 перадаюцца ад чалавека да чалавека. Біялагічнымі рэзервуарамі выступаюць жывёлы і птушкі. Але само слова «каранавірус» не павінна нікога палохаць: мала таго, што гэтая група цыркулюе ў чалавечай папуляцыі даўно – на яе долю прыпадае толькі 8-10 % выпадкаў захворвання на ВРВІ. Словам, гэта звычайныя рэспіраторныя вірусы, якія маюць свае асаблівасці і заканамернасці. Хоць дадзены ўзбуджальнік, напэўна, нядаўна ўвайшоў у чалавечую папуляцыю. Тут трэба даверыцца прафесіяналам, якія цяпер аналізуюць вялікія патокі інфармацыі і робяць пэўныя высновы. Вялікае дасягненне, што вірус ўжо расшыфраваны.

– На розных форумах у інтэрнеце абмяркоўваюць такую акалічнасць, што амаль усе новыя вірусныя захворванні, і атыповая пнеўманія, і «птушыны грып», і цяпер nCoV-2019 родам з Паўднёва-Усходняй Азіі. Чаму?

– У інфекталогіі ёсць такое паняцце, як трыадзінства: узбуджальнік, чалавечы арганізм і знешняе асяроддзе. Адзін з галоўных фактараў у дадзеным выпадку – клімат. Там, дзе цёпла, дзе вільготна, вірус можа цыркуляваць доўга і адбываецца больш за ўсё мутацый. 
Варта памятаць і пра шматлюд­насць гэтага рэгіёну, дзе правілы гігіены некалькі іншыя: на азіяцкіх харчовых рынках часта ігнаруюць прафілактычнымі, санітарна-супрацьэпідэміялагічнымі мерапрыемствамі і г.д.
А яшчэ ў Азіі любяць есці ўсё, хай і добра прыгатаванае. Нават з’яўленне  хваробы ў г. Ухань звязваюць з мясцовым рынкам морапрадуктаў, дзе прадаецца самая розная жыў­насць, нават рэптыліі і птушкі. Усё гэта ідзе ў ежу. Гэта адзін са шляхоў, чаму новыя вірусы перадаюцца чалавеку.  

– Калі гэта віруснае захворванне, то і меры прафілактыкі такія ж, як і ў адносінах да звычайнага грыпу? 

– Скажам так: яны вельмі падобныя. Нават калі чалавецтва сутыкаецца з віруснай пандэміяй, спачатку ўзбуджальнік, сапраўды, дамінуе над усімі астатнімі. Але з часам ён траціць свае небяспечныя ўласцівасці і цыркулюе або на асобнай тэрыторыі, або ў пэўны сезон, або выклікае мінімальны працэнт захворванняў.
У Беларусі пакуль няма вялікага пад’ёму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. У кантрольных гарадах яе ўзровень на 46 % ніжэйшы, чым у гэты перыяд летась.
Варта помніць, што многія вірусы перадаюцца не толькі паветрана-кропельным шляхам, але і з кроплямі макроты і даволі доўга знаходзяцца на паверхнях. Пагэтаму мы і бачым, што людзі ходзяць у масках, а ў месцах скаплення вялікай колькасці людзей – у аэрапортах, вакзалах нельга ігнараваць спецыяльнымі сродкамі для апрацоўкі рук. Ну і ўвогуле, часцей мыць рукі, бо мы стаім на парозе сезоннага пад’ёму грыпу, і я ўпэўнена: аб ім зараз таксама трэба гаварыць. Гэтая пагроза ўзнікае кожны год і можа закрануць вялікую колькасць людзей.
Колькасць варыянтаў віруса велізарная, розныя штамы выклі­каюць розны цяжар захворвання, хоць клінічная карціна, па сутнасці, аднолькавая. Чаму грып прыходзіць да нас менавіта ў канцы студзеня – пачатку лютага? Зноў жа вялікую ролю адыгрываюць кліматычныя ўмовы. 
І я хацела б нагадаць усім: трэба ставіцца да гэтай пагрозы таксама адказна. Асабліва калі гаворка ідзе пра дзяцей з іх яшчэ не наладжаным імунітэтам і старэйшым пакаленні, у якога, як правіла, шмат хранічных праблем са здароўем. Але агульны падыход такі: не ўпадаць у паніку і своечасова звяртацца за медыцынскай дапамогай.

У тэму
Каранавірусы (лац. Coronaviridae) – сямейства, якое ўключае каля 40 відаў вірусаў, якія паражаюць чалавека, катоў, птушак, сабак, буйную рагатую жывёлу, свіней і зайцаў. Упершыню вірус быў выдзелены ў 1965 го­дзе. Нуклеакапсід акружаны бялковай мембранай і ліпаўтрымліваючай знешняй абалонкай, ад якой адыходзяць булававідныя шыпавідныя адросткі, якія нагадваюць карону, за што сямейства і атрымала сваю назву.

Даведка «НЖ». Развенчваючы страхі віруса «з каронай»



Колькасць заражаных пнеўманіяй, выкліканай каранавірусам nCoV-2019, на 29 студзеня дасягнула 5974 чалавекі. Колькасць загінулых узрасла да 132. Аб гэтым паведаміла ТАСС са спасылкай на заяву Дзяржаўнага камітэта па справах аховы здароўя КНР. Як адзначаецца ў дакуменце, стан больш як 1,2 тыс. інфіцыраваных ацэньваецца як цяжкі. Звыш 9,2 тыс. чалавек маюць сімптомы заражэння каранавірусам, аднак іх дыягназ пакуль не пацверджаны. У каранціне знаходзяцца яшчэ амаль 60 тыс. чалавек.
Больш як палавіна выпадкаў інфіцыравання прыпадае на правінцыю Хубэй, адміністрацыйны цэнтр якой – горад Ухань. Выпадкі захворвання зарэгістраваны амаль ва ўсіх рэгіёнах КНР, у тым ліку Пекіне і Шанхаі. Першы выпадак падазрэння на заражэнне каранавірусам зафіксаваны ў Тыбеце – апошнім рэгіёне Кітая, які быў дагэтуль свабодны ад захворвання.
Каранавірус таксама выяўлены ў Аўстраліі, В’етнаме, Германіі, Канадзе, Рэспубліцы Карэя, Малайзіі, на Філіпінах, у Непале, Сінгапуры, ААЭ, ЗША, Тайландзе, Францыі і Японіі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала распаўсюджанне пнеўманіі нацыянальнай на­дзвычайнай сітуацыяй для Кітая, але пакуль устрымалася ад аб’явы рэжыму міжнароднай надзвычайнай сітуацыі.
  1. У Кітаі разгорнута маштабная аперацыя па барацьбе з вірусам і прымаюцца беспрэцэдэнтныя меры засцярогі. Уведзены каранцін у адносінах да двух дзясяткаў гарадоў у правінцыі Хубэй, які ахапіў каля 56 млн чалавек. Амаль забаронены грамадскі транспарт. Зона бяспекі ачэплена вой­скамі. Закрываюцца кінатэатры, паркі забаў, славутасці. Адменены ўсе калектыўныя тур­паездкі па краіне і за мяжу. Паліцэйкія з цеплавізарамі правяраюць на аўтадарогах тэмпературу ў вадзіцеляў і пасажыраў і г.д.
  2. Спецыфічных лекаў ад каранавіруса пакуль няма. Але вызначана, што nCoV-2019 мае нізкую ўстойлівасць у навакольным асяроддзі. Таму, напрыклад, атрымліваць пасылкі з Кітая не забараняецца.
  3. У Беларусі навучаецца больш чым 4 тысячы студэнтаў з КНР. Многія з іх паехалі дамоў, каб сустрэць усходні Новы год, які па лунным календары выпаў на 25 студзеня. Па словах намесніка галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага харчавання Ірыны Глінскай, Мінздраў мяркуе, што ў гэтым ёсць дадатковая рызыка. За кожным студэнтам, які вернецца з Кітая, на працягу 14 дзён будзе арганізавана дадатковае медыцынскае назіранне.
  4. Кітайскія малекулярныя біёлагі высветлілі, што адно з антыцел, адкрытых падчас эпідэміі атыповай пнеўманіі 2003 года, можа нейтралізаваць вірус. Антыцела CR3022, нейтралізуе вірус SARS, вельмі актыўна далучаецца і да віруса nCoV-2019. Гэта адкрыццё, лічаць навукоўцы з Інстытута вірусалогіі Ухань і ўніверсітэта Фудань ў Шанхаі, дазваляе спадзявацца на тое, што рэчыва CR3022 у камбінацыі з іншымі антыцеламі, здольнымі злучацца з новым каранавірусам, дазволіць досыць хутка стварыць першыя дзейсныя сродкі для лячэння гэтай формы пнеўманіі і прыпынення эпідэміі.

Між тым кітайскі спецыяліст па рэспіраторных захворваннях Чжун Наньшань паведаміў, што ўспышка новага каранавіруса можа дасягнуць свайго піку на працягу бліжэйшага тыдня або дзён дзесяці, пасля чаго значнага росту колькасці тых, хто захварэў, ужо не будзе.


 Падрыхтавала А. ЕРМАКОВА, «НЖ»