За гады работы Уладзімір Чычкан пераканаўся, што прафесія эканаміста адначасова і цікавая, і складаная

За гады работы Уладзімір Чычкан пераканаўся, што прафесія эканаміста адначасова і цікавая, і складаная

За гады работы Уладзімір Чычкан пераканаўся, што прафесія эканаміста адначасова і цікавая, і складаная

30 Июня 2020 752

За гады работы Уладзімір Чычкан, начальнік планава-эканамічнага аддзела ААТ «Навагрудскі завод газавай апартуры», пераканаўся, што яго прафесія адначасова і цікавая, і складаная. І сапраўды, да эканаміста сёння прад’яўляюцца высокія патрабаванні: ён павінен разбірацца ў законах эканамічнай навукі, аналізаваць статыстычныя даныя, умець думаць, супастаўляць і рабіць правільныя высновы, бо ад гэтага ў цэлым залежыць эканамічная стабільнасць прадпрыемства.


Прынята лічыць, што эканаміст – прафесія жаночая. На мой погляд, гэта ўсяго толькі прадузятасць, бо менавіта мужчынам уласцівы матэматычны склад розуму і ўменне аналітычна мысліць. Таму вялікая ўдача для любога прадпрыемства, калі яго эканамічную службу ўзначальвае граматны і ўпэўнены спецыяліст – такі, як Уладзімір Чычкан. Яго мэтанакіраванасць, энергічнасць і высокі прафесіяналізм адзначаюць і калегі, і кіраўніцтва.

– Яшчэ ў школе мне цікава было рашаць задачы, знаходзіць з некалькіх магчымых варыянтаў самы правільны, – расказвае пра свой шлях да прафесіі Уладзімір Уладзіміравіч. – Паступаць вырашыў у Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж на спецыяльнасць бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт. Аддаць перавагу гэтай прафесіі дапамог прыклад роднай цёці, якая ўсё жыццё працавала галоўным бухгалтарам. І з выбарам я не памыліўся.

Пасля заканчэння каледжа малады хлопец паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, дзе атрымаў спецыяльнасць эканаміста. Паралельна працаваў на розных прадпрыемствах: спачатку маркетолагам, потым бухгалтарам, эканамістам.

– У 25 гадоў я прайшоў конкурс і стаў галоўным эканамістам прыватнай будаўнічай кампаніі. Сказаць, што было складана – нічога не сказаць, аднак я не з тых, хто баіцца цяжкасцей. Разумеў, што трэба набірацца вопыту, асвойваць асаблівасці справы, рухацца наперад – я чалавек мэтанакіраваны і не шкадую сілы для дасягнення мэты. Невырашальных задач няма, ёсць недахоп часу, – перакананы Уладзімір Чычкан.

Вярнуцца ў Навагрудак малады чалавек вырашыў ужо разам з жонкай Таццянай, палічыўшы, што на малой радзіме маладой сям’і будзе прасцей ладзіць жыццё. Ды і з работай склалася: уладкаваўся, як і марыў, на завод газавай апаратуры эканамістам. З першых дзён тут ён адчуваў сябе на сваім месцы, накіроўваючы свае веды і навыкі на карысць прадпрыемства. Праз некаторы час маладога і ініцыятыўнага спецыяліста на заводзе заўважылі і прапанавалі стаць начальнікам планава-­эканамічнага аддзела.

– Эканаміст павінен працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі, умець аналізаваць і прагназаваць, быць уважлівым і скрупулёзным, мець добрую памяць, – лічыць Уладзімір Уладзіміравіч. – Неабходна трымаць у галаве мноства паказчыкаў і лічбаў і ўзважана прымаць любое рашэнне. Малейшая памылка можа падарваць работу і імідж прадпрыемства, а гэта недапушчальна. Дзякуючы дырэктару В.І. Турлюку, сёння завод працуе стабільна і ўпэўнена глядзіць у будучыню. А перспектывы мы пралічваем на пяць гадоў наперад.

Як падкрэсліў Уладзімір Чычкан, адзін эканаміст у полі не воін. І хаця ў эканамічнай службе завода працуе толькі пяць чалавек, гэта сапраўдная каманда прафесіяналаў. Іх надзейная падтрымка, сумленнасць і адказнасць дапамагаюць паспяхова вырашаць шырокае кола задач. А пасля напружанага працоўнага дня Уладзімір Уладзіміравіч любіць заняцца справамі на прысядзібным участку, сха­дзіць на рыбалку ці адпачыць разам з жонкай і дачкой. Есць у начальніка планава-эканамічнага аддзела і асабісты прагноз – каб быў лад і ў сям’і, і на рабоце. 

Алена Ганцэвіч, «НЖ»