Прафесійнае свята адзначаюць работнікі Навагрудскага лясгаса

Прафесійнае свята адзначаюць работнікі Навагрудскага лясгаса

15 сентября 2019 3557

Наша самае вялікае прыроднае багацце – гэта лес. Пройдуць гады, зменіцца ўсё навокал, але плён працы работнікаў лесу ніколі не знікне бясследна. 15 верасня людзі, якія з асаблівым клопатам захоўваюць і прымнажаюць зялёныя скарбы Беларусі, адзначаць сваё прафесійнае свята.




Напярэдадні разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Навагрудскі лясгас» Аляксандрам Дасько мы наведаліся ў лясніцтвы нашага раёна, каб даведацца пра будні, дасягненні і перспектывы развіцця прадпрыемства.


– Ахова і пасадка лесу, нарыхтоўка драўніны, яе перапрацоўка, рэалізацыя на экспарт і ўнутраны рынак, ахова расліннага і жывёльнага свету лясоў – асноўныя задачы работнікаў лесагас­падарчай галіны, – расказвае Аляксандр Аляксандравіч. – Навагрудскім лясгасам выконваюцца ўсе даведзеныя планавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, заданні па лесааднаўленні і лесаразвядзенні.

Аб стабільнай працы прадпрыемства сведчыць тое, што ў большасці сваёй тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, майстры сваёй справы. Галоўнае багацце рэспублікі – нашы лясы, а галоўны гонар лясгаса – людзі, якія добрасумленна і адказна служаць лесу: гадуюць, захоўваюць і прымнажаюць яго багацце, прыкладаючы пры гэтым нямала сіл і штодзённай карпатлівай працы. Сплаў вопыту і мудрасці дазваляе выконваць пастаўленыя перад калектывам задачы.




– Асабліва вызначыліся сваёй працай работнікі Налібацкага, Уселюбскага, Навагрудскага лясніцтваў, – адзначыў Аляксандр Дасько. – Сёлета граматай і падзякай Міністэрства лясной гаспадаркі бу­дуць узнагароджаны майстар лесу Дзмітрый Пушны і начальнік дрэваапрацовачнага цэха Анатолій Клімко. Ганаровымі граматамі Гродзенскага ДВЛГА – бухгалтар Вольга Шастала, майстар па лесасецы Вікенцій Юрэвіч, інжынер-механік Віктар Сазановіч, знакам «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь» – майстар лесу Віктар Шынтар, леснікі Леанід Маляўка, Казімір Мікульскі, Сяргей Фалевіч, Сяргей Галабурда, Віктар Ганчароў. Знакам «10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспуб­лікі Беларусь» будуць адзначаны яшчэ дванаццаць работнікаў, а таксама многім будуць уручаны граматы аб’яднання і нашай арганізацыі.



Усім работнікам лесу і іх сем’ям, ветэранам галіны выказваю шчырыя словы падзякі за надзейную працу і пажаданні моцнага здароўя, аптымізму, дабрабыту і новых прафесійных поспехаў, – павіншаваў Аляксандр Аляксандравіч.

Больш як 20 гадоў працуе ва Уселюбскім лясніцтве вальшчык лесу Андрэй Заборскі. Сёлета ён нарыхтаваў ужо 1532 куб. м драўніны. Гэты паказчык – адзін з лепшых у Навагрудскім лясгасе.


У рэйтынгу прафесій вальшчык лесу – адна з самых небяспечных. Работа цяжкая, патрабуе не толькі ўважлівасці, прафесіяналізму і сілы, але і дысцыпліны, вытрымкі, майстэрскага валодання галоўным інструментам вальшчыка – бензапілой. Паводле ацэнкі спецыялістаў, па фізічных нагрузках і небяспецы праца вальшчыка саступае толькі прафесіі шахцёра. Акрамя гэтага, тут важныя ўменне і практыка.

Андрэя Заборскага – аднаго з лепшых работнікаў лясгаса – часта накіроўваюць у камандзіроўкі. За апошнія гады працаваў у Петрыкаве, Лельчыцах, раёнах, якія найбольш пацярпелі ад наступстваў стыхіі, дапамагаў калегам разбірацца з бураломам. З бензапілой у руках Андрэю даводзіцца праводзіць шмат часу, але прафесія яму падабаецца. Ды і кіраўніцтва, і калегі заўсёды падтрымаюць, прыйдуць на дапамогу.

Дома ж заўсёды чакаюць жонка і трое дзяцей. Валянціна і Андрэй Заборскія не цураюцца ніякай работы, жывуць яны ў Ацмінаве. Сёлета маладая сям’я Заборскіх прымала ўдзел у конкурсе «Уладар сяла».

Адзін з асноўных участкаў Уселюбскага лясніцтва – гэта гадавальнік, які ўзначальвае Святлана Каранюк. Начальнік гадавальніка дасканала ведае сваю справу, сёлета яе імя занесена на Дошку гонару Гродзенскага ДВЛГА.


– Наш гадавальнік адпавядае ўсім сучасным патрабаванням: вялікая тэрыторыя з пасяўнымі, «школьнымі» аддзяленнямі, цяпліцай, штучным вадаёмам для паліву. У гадавальніку мы вырошчваем з насення маладыя дрэўцы ў адкрытым грунце. У асноўным высаджваем елку, сасну, бярозу, дуб, вольху. Цяпліцу, пасяўныя тэрыторыі, плантацыю навагодніх елак абслугоўвае шасцёра работнікаў. Работа па доглядзе раслін няпростая: ручная высадка матэрыялу для аднаўлення лесу, праполка, падкормка. Увогуле па лясгасе ў 2019 го­дзе закладзена 206 га лясных культур, 1,7 га плантацый навагодняй елкі, на якіх высаджана 7400 штук са­джанцаў, – гаворыць начальнік гадавальніка. – У гадавальніку маюцца 2 цяпліцы агульнай плошчай 0,08 га для вырошчвання пасадачнага матэрыялу ў закрытым грунце. Нашы саджанцы былі высаджаны ў Скідальскім, Брэсцкім і Коб­рынскім раёнах, у Расійскай Федэрацыі і Казахстане. У гадавальніку праходзяць вытворчую практыку і вучні Уселюбскай сярэдняй школы.

Казімір Мікульскі – адзін з самых вопытных леснікоў у Навагрудскім лясніцтве. На карысць зялёнай гаспадаркі ён працуе больш як 20 гадоў і даручаную яму тэрыторыю ведае як свае пяць пальцаў.


Казіміру Яўгеньевічу прырода падабалася з дзяцінства. Аднак перш паспрабаваў сябе ў справе фатаграфіі. З часам перайшоў у лясную гаспадарку па парадзе сябра таты – лесніка Міхаіла Іванавіча Юрчыка. У Казіміра Мікульскага, як вопытнага лесніка, вялікая тэрыторыя абыходу – 1000 га. На гэтай тэрыторыі ён праводзіць супрацьпажарнае і санітарнае добраўпарадкаванне, займаецца прафілактыкай і выяўленнем шкоднікаў і хвароб дрэў, кантралюе стан, выкарыстанне, узнаўленне лесу. Кіраўніцтва лясніцтва адзначае, што Казімір Мікульскі ініцыятыўны і на­дзейны спецыяліст, які добрасумленна працуе, выконвае даведзеныя планы. Падчас нашай размовы ляснік толькі наракаў на культуру людзей, якія часта прыязджаюць адпачываць на ўлонне прыроды, аднак пакідаюць пасля сябе шмат смецця.

Часта Казіміру Яўгеньевічу займацца доглядам і пасадкай лесу дапама­гаюць і родныя.

Прафесійная дзейнасць начальніка дрэваапрацовачнага цэха Анатолія Клімко ўжо на працягу 30 гадоў звязана з лесам. Больш як 10 гадоў ён узначальвае цэх. У лясгасе інжынерам-радыёлагам працуе і жонка Марына Юр’еўна.


– У дрэваапрацовачным цэху што­дня на трох лініях круглапільных станкоў выраб­ляем піламатэрыялы: вагонку, дошку для падлогі, профільныя вырабы, плінтусы, налічнікі і многае іншае. Прадукцыю адпраўляем як на ўнутраны рынак, так і на экспарт. Маюцца чатыры сушылкі, у месяц сушыцца каля 400 куб. м піламатэрыялаў, – расказвае Анатолій Станіслававіч. – Круглага лесу (дзелавой драўніны) перапрацавана за 8 месяцаў каля 28 тыс куб. м, 13500 куб. м выпу­шчана піламатэрыялаў. З іх рэалізавана 13 120 куб. м, у тым ліку на экспарт – 6500 куб. м. Цэх па дрэваапрацоўцы займае другое месца ў вобласці.

Пад кіраўніцтвам Анатолія Клімко ў дрэваапрацовачным цэху працуе 84 работнікі. Як вопытных і добрасумленных спецыялістаў характарызуе начальнік цэха станочнікаў дрэваапрацовачных станкоў Алега Стэфановіча, Ігара Пікту, Аляксандра Астроўскага. Яны зарэкамендавалі сябе адказнымі, дысцыплінаванымі і прафесійнымі работнікамі. І іх умелым рукам пакараецца любое заданне.

Вольга Пісар, "НЖ"