Карэспандэнт “НЖ” пабывала ў новым кандытарскім цэху Навагрудскага хлебазавода

Карэспандэнт “НЖ” пабывала ў новым кандытарскім цэху Навагрудскага хлебазавода

20 сентября 2019 3256

Тэхнічнае пераўзбраенне, мадэрнізацыя вытворчасці былі і застаюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці любога прадпрыемства. У мінулым годзе на Навагрудскім хлебазаводзе прыступілі да значнай і важнай справы – мадэрнізацыі кандытарскага цэха. Практычна за год на месцы старога будынка з’явіўся прыгожы і сучасны ўчастак па вытворчасці кандытарскіх вырабаў. Мы завіталі на прадпрыемства, каб даведацца, як працуецца кандытарам у новым цэху і якія «салодкія» сюрпрызы чакаюць навагрудчан.


Першы кандытарскі цэх на Навагрудскім хлебазаводзе быў адкрыты яшчэ ў 1984 годзе. Яго вытворчыя магутнасці складалі 150 тон вырабаў у год, і на той час гэта была даволі сучасная вытворчасць. Аднак цэх працаваў у прыстасаваным старым будынку і, зразумела, з цягам часу перастаў адпавядаць існуючым патрабаванням.

– Адзінаццаць гадоў таму, калі я ўзначаліў завод, у кандытарскім цэху была выпушчана толькі 41 тона прадукцыі, – успамінае дырэктар філіяла «Навагрудскі хлебазавод» ААТ «Гроднахлебпрам» Андрэй ПАРКАЛАЎ. – Паступова аб’ёмы вытворчасці ўзрасталі, і ў 2014 годзе мы выпусцілі ўжо 147 тон прадукцыі. Наспела неабходнасць мадэрнізацыі – цэх ужо не мог справіцца з узросшымі аб’ёмамі вытворчасці і адпавя­даць новым падыходам да якасці і асартыменту прадукцыі.

Аднак на той момант ні сродкаў, ні ўмоў для ажыццяўлення мадэрнізацыі не было. Цэх працягваў працаваць на мяжы сваіх магчымасцей, выпускаючы штогод больш за 120 тон прадукцыі. Вядома, умовы працы людзей таксама былі не самыя лепшыя.



– Мадэрнізацыя – гэта па сутнасці будаўніцтва новага цэха, – падкрэсліў дырэктар прадпрыемства. – З’явіўся новы сучасны будынак – вытворчыя плошчы павялічыліся фактычна ў два разы і сёння складаюць 744 м. кв. Праведзена газіфікацыя ўчастка з усталяваннем асобнай кацельні, абноўлена значная частка тэхналагічнага абсталявання. Безумоўна, гэта значныя фінансавыя сродкі. На сённяшні дзень выдаткі ўжо склалі больш за 1 млн 600 рублеў. Упэўнены, што гэтыя сродкі акупяцца і цэх будзе працаваць прыбыткова.

У жніўні абноўлены кандытарскі цэх прыступіў да работы. Светлыя і зручныя вытворчыя памяшканні, акуратныя, абсталяваныя ўсімі неабходнымі прыладамі, пакой для прыёму ежы, душавыя, гардэроб, падсобныя памяшканні – усё адпавядае санітарным патрабаванням і радуе прыгажосцю і камфортам. Асноўную стаўку на прадпрыемстве робяць на новыя віды прадукцыі і сучасныя тэхналогіі. Для гэтых мэт закуплены сучасныя печы і тэхналагічнае абсталяванне, новае халадзільнае абсталяванне і камера шокавай замарозкі.

– Асаблівасць хлебабулачнай прадукцыі ў тым, што яе, як кажуць, на склад не пакладзеш. А вось шокавая замарозка дазваляе гэта рабіць, – тлумачыць Андрэй Міхайлавіч. – Замарожаныя паўфабрыкаты хлебабулачных вырабаў – гэта трэнд сучаснай вытворчасці. І мы ў гэтым накірунку будзем рухацца, што дазволіць выпускаць шырокі асартымент прадукцыі з павялічаным тэрмінам захоўвання і з прымяненнем самых апошніх тэхналогій.


У цэху зараз працуе 9 кандытараў, але з павелічэннем аб’ёмаў і набыццём новага абсталявання колькасць работнікаў павялічыцца. Зараз тут выпускаецца ўвесь спектр прадукцыі прадпрыемства. Аднак ужо да канца гэтага года ў кандытарскім цэху плануюць запусціць новую лінію па вытворчасці бісквітнага пячэння з начынкай. А да юбілею горада ў масавую вытворчасць будзе запушчаны новы асартымент прадукцыі: заварное, аўсянае і пясочнае пячэнне. Яшчэ адна «салодкая» навінка навагрудскіх пекараў – сувенірная пернікавая прадукцыя. З дапамогай харчовага плотара на пернік або іншы кандытарскі выбар можна нанесці любы   малюнак. На прадпрыемстве ўпэўнены, што новы кандытарскі цэх дазволіць не толькі нарасціць аб’ёмы вытворчасці, але, што самае важнае, выпускаць прадукцыю якасную і канкурэнтаздольную.


Алена Ганцэвіч, “НЖ”