Не разбураць, а будаваць

Не разбураць, а будаваць

Не разбураць, а будаваць

15 Августа 2020 561
Сёння любая размова, аб чым бы яна ні была, абавязкова тычыцца тэмы вулічных пратэстаў, якія праходзяць у нашай краіне.
– Хвалююся за сына, ён цяпер у Мінску, – прызнаецца знаёмая, а ў самой вочы поўныя слёз. – Сама ведаеш, што цяпер там робіцца. Хлопец малады, гарачы, а эфект натоўпу так заразлівы…
І на самай справе, праграмы навін у гэтыя дні нагадваюць франтавыя зводкі. Барыкады, дымавыя шашкі, бутэлькі з запальнай сумессю – градус напружанасці на вуліцы зашкальвае. Натоўп агрэсіўны, ён граміць усё на сваім шляху: кіёскі, кантэйнеры для смецця, грамадскі транспарт, будынкі, а ў выніку руйнуюцца не толькі гарадскія вуліцы, але і наша размеранае жыццё.
Я заўсёды ганарылася тым, што жыву ў спакойнай і мірнай краіне. «Мір», «стабільнасць», «Беларусь» – для мяне і маіх суайчыннікаў гэтыя паняцці ўжо многія гады з’яўляюцца сінонімамі. І калі ў дзяцінстве мой сын, як і сотні яго аднагодкаў-хлапчукоў, ахвотна гуляў «у вайнушку», ён не мог уявіць, што праз нейкі дзясятак гадоў на вуліцы беларускіх гарадоў выйдзе сапраўдная ваенная тэхніка, і маладыя хлопцы – учарашнія аднакласнікі, суседзі, знаёмыя – апынуцца, як гаворыцца, па розныя бакі барыкад.
Я разумею трывогу сваёй знаёмай, чый сын ідзе на вуліцу і ўдзельнічае ў масавых беспарадках. Але яна можа папрасіць яго застацца дома. Яшчэ больш я па­дзяляю боль і перажыванні тых маці, чые дзеці сёння ў складзе міліцэйскіх падраз­дзяленняў вымушаныя стрымліваць агрэсіўныя парывы натоўпу. І яны не маюць права сысці з вуліцы, пакуль там захоўваецца небяспека і напружанасць. Таму што іх абавязак – абараніць нас з вамі, абараніць мір, які раптоўна стаў такім далікатным. За іх плячыма – краіна і беларускі народ. А што рухае натоўпам? Спрабую зразумець і не магу…
Крыўдна, што ў гэтых злачынствах удзельнічаюць, як правіла, маладыя людзі. Многія з тых, хто выйшаў на акцыі, не зусім разумеюць, за што і для чаго пратэстуюць. Для іх гэта свайго роду гульня, забаўка. Напэўна, таму некаторыя бацькі бя­руць з сабой на акцыі маленькіх дзяцей, ставячы пад пагрозу не толькі сваё здароўе і жыццё, але і здароўе і жыццё сваіх дзяцей.
Так, у сённяшняй сітуацыі не ўсё так проста. Праблемы ў краіне ёсць, але іх бачаць, разумеюць і вырашаюць. Хай не так хутка, як нам хочацца, але вырашаюць. Сёння кожны мае права на ўласнае меркаванне і нязгоду з чымсьці, але выказваць сваю пазіцыю трэба законным шляхам і, галоўнае, мірным.
Беларускі народ заўсёды быў мудры і разважлівы. І я веру, што гэтыя якасці ў рэшце рэшт возьмуць верх над эмоцыямі. Вірус насілля неабходна перамагчы. Нам ёсць што захоўваць і берагчы. Нам трэба не разбу­раць, а будаваць. А нянавісць і агрэ­сія ў гэтым нам – не памочнікі.

Эльвіра Сарока,
член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь