Дарагая мне, мая родная мова!

Дарагая мне, мая родная мова!

Дарагая мне, мая родная мова!

21 Февраля 2021 372

У міжнародным календары ёсць дзень, які заклікае людзей паважаць і захоўваць родную мову. Пагадзіцеся: няма мовы – няма народа. Мы, беларусы, адзначаем Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага. Напярэдадні свята я пацікавілася ў навагрудчан, як часта яны размаўляюць на беларускай мове і што можна зрабіць для таго, каб яе захаваць.

Карына Аліевіч:

– Мая родная мова – беларуская. Яна прыгожая і мілагучная. Я вельмі люб­лю сваю родную мову, люблю спяваць беларускія песні. Калі шчыра, размаўляю на роднай мове не так часта – у асноўным у школе. З аднагодкамі маю зносіны на рускай мове. З роднымі размаўляю альбо на рускай, альбо на беларускай. Большасць беларусаў мала ўжывае родную мову ў зносінах – пра гэта гаворыць афіцыйная статыстыка. Абсалютна ўпэўнена: каб мова існавала, людзі павінны на ёй часцей размаўляць.

Кірыл Жукаў:

– Нездарма гавораць, што ўсе мы родам з дзяцінства. Характар і тэмперамент чалавека, многія звычкі фарміруюцца ў раннім узросце, у сям'і, дзе чалавек выхоўваецца. Мае бабуля і дзядуля пераехалі жыць у Беларусь з Украіны. Бацькі, адпаведна, дома чулі або ўкраінскую, або рускую мову. Я з бацькамі ў дзяцінстве размаўляў на рускай мове. І сёння ў паўсядзённым жыцці на беларускай мове не размаўляю наогул, хаця вельмі люблю і паважаю яе, лічу сваёй роднай. Каб захаваць родную мову, неабходна, каб дзеці з самага ранняга ўзросту больш размаўлялі на беларускай мове.

Ірына Кардаш:

– Нават мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, мала размаўляем на беларускай мове. Што хацець ад моладзі? Прыгожую беларускую мову сёння вельмі складана дзесьці пачуць – беларусы часцей размаўляю на «трасянцы». Родная мова з'яўляецца асноўным адлюстраваннем традыцый, культуры, звычаяў народа, яна захоўвае сувязь паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй. Калі дзеці – будучыня краіны – не будуць размаўляць на беларускай мове, яна можа зусім знікнуць. Я думаю, што ў дзіцячых садах і школах адукацыйны працэс павінен праходзіць выключна на беларускай мове.

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца штогод пад эгідай ЮНЕСКА з 2000 года. Свята абвешчана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА па прапанове дзяржаў – членаў арганізацыі – у лістападзе 1999 года ў памяць пра падзеі 1952 года, якія адбыліся на тэрыторыі сучаснай Народнай Рэспублікі Бангладэш (да 1971 года – тэрыторыя Пакістана). Там была жорстка падаўлена акцыя пратэсту ў абарону роднай бенгальскай мовы – загінулі пяць студэнтаў.

 

Любіце, шануйце, паважайце беларускую мову! Няхай яна часцей гуцыць у сем’ях навагрудчан!

Таццяна Сазановіч, «НЖ»