Так у снежні 2018 года пры аглядзе грузаў з садавінай, якія прыбылі з Турцыі ў Наварасійскі порт (Расійская Федэрацыя) была выяўлена муха-гарбатка. Месцамі яе распаўсюджвання з’яўляюцца не толькі Турцыя, але і Італія, Іспанія, Партугалія, Грэцыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Нідэрланды, Германія, Аўстрыя, ЗША, Куба, Аўстралія, а для тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, куды ўваходзіць і Беларусь, шмат’ядная муха-гарбатка з’яўляецца каранцінным аб’ектам.
Дарослая муха не небяспечная, а вось яе лічынкі здольныя развівацца ў незвычайна шырокім крузе арганічных субстанцый, якія раскладаюцца, і могуць заражаць жывёл і чалавека.
У натуральных умовах лічынкі з максімальнай даўжынёй да 5 мм часта выяўляюцца ў забруджаных харчовых прадуктах: соя, мука, сыры, высушаная рыба, гнілая бульба. Гнілыя расліны і грыбы, мёртвыя членістаногія і малюскі, спаражненні жывёл і чалавека, а таксама іх трупы – звычайнае харчовае асяроддзе для гэтых насякомых. Акрамя таго, лічынкі могуць есці нават вазелін і гуталін.
Гэты від шкоднікаў вельмі хутка распаўсюджваецца з розным відам транспарту, а таксама ў пер’ях пералётных птушак. Звычайна галоўным шляхам распаўсюджвання мухі служыць розная садавіна. Асабліва гэта тычыцца пераспелых бананаў, якія перавозяцца ў паўторна выкарыстоўваемай забруджанай тары.
Муха-гарбатка... Чым небяспечная для чалавека?
Небяспечнымі для здароўя чалавека з’яўляюцца менавіта лічынкі, якія трапляюць у арганізм чалавека. У выніку заражэння можа развіцца цяжкае паразітарнае захворванне, якое вельмі складана лечыцца. Акрамя таго, мухагарбатка з’яўляецца пераносчыкам халеры. Найбольшай рызыцы заражэння падвяргаюцца дзеці і людзі з паніжаным імунітэтам.
Даведка «НЖ»
Шмат’ядная муха-гарбатка Megaselia scalaris (Loew) – небяспечны шкоднік запасаў і грыбных культур. У свеце вядомыя і апісаны выпадкі факультатыўнага заражэння лічынкамі Megaselia scalaris жывёл і чалавека.
Гэта сапрафітная муха даўжынёй 2-3 мм, вонкава нагадвае распаўсюджаную пладовую мушку-чырванавокую дразафілу, але яе вочы чорныя, а цела з відавочна выяўленымі «гарбавіднымі» грудзьмі. Перасоўваецца муха пераважна перарывістымі перабежкамі. Здалёк можа падацца, што яна скача.
Прафілактыка заражэння:
– пры пакупцы садавіны і агародніны ўважліва аглядайце кожны плод: чорныя кропкі на паверхні лупін мандарынаў могуць гаварыць пра тое, што менавіта ў гэтым месцы муха-гарбатка адклала яйкі. Не бярыце пераспелую і падпорчаную садавіну;
– не купляйце садавіну ў месцах, дзе не могуць паказаць дакументы і сертыфікаты бяспекі;
– магазіны і аптовыя склады павінны сачыць за вільготнасцю ў памяшканнях для захоўвання садавіны і агародніны, павышаная вільготнасць не дапушчальная, паколькі гэта асяроддзе спрыяльнае для развіцця лічынак;
– на тэрыторыі памяшканняў для захоўвання прадуктаў неабходна выкарыстоўваць пасткі для насякомых;
– вельмі важна падтрымліваць чысціню ў магазінах і на складах, выконваць усе патрабаванні гігіены;
– знішчаць гнілыя, пашкоджаныя садавіну і гародніну, прадукты, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці.
Будзьце ўважлівыя і беражыце сябе і сваіх блізкіх.
П. Лішко, вядучы аграном, дзяржінспектар інспекцыі па каранціне раслін