Напрыканцы мінулага тыдня на чарговым пасяджэнні райвыканкама абмеркавалі стан і перспектывы развіцця малочнай галіны на тэрыторыі раёна і ход рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2014 года №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 2014 года «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый».
Старшыня райвыканкама А.М. Маркевіч напачатку работы ахарактарызаваў стан работы малочнай галіны ў цэлым і прапанаваў наведаць шэраг малочна-таварных ферм сельгасарганізацый раёна для азнаямлення з сітуацыяй на месцы.
Аналізуючы сітуацыю ў цэлым, А.М. Маркевіч адзначыў, што па малочнай галіне прыняты шэраг праграм, вызначаны параметры развіцця, але на сённяшні дзень большасць з іх раён не выконвае. Акрамя гэтага, па ўсім відаць, закладваецца пэўны негатыў у развіцці малочнай галіны. Старшыня райвыканкама праваленай назваў работу па ўзнаўленні і лячэнні жывёлы. Няякасна праведзенае асемяненне кароў у мінулым годзе адбілася на атрыманні прыплоду. У выніку за студзень-красавік 2017 года ў раёне недаатрымана 777 цялят.
– Гэтыя і іншыя фактары негатыўна ўплываюць на работу ААТ «Малочная кампанія Навагрудскія Дары». Прадукцыя прадпрыемства запатрабаваная ў спажыўцоў, але магутнасці прадпрыемства загружаны на 75-80%, завод жа штодзень можа прымаць да 200 тон малака, — падкрэсліў А.М. Маркевіч.
Удзельнікі пасяджэння райвыканкама наведалі 3 малочна-таварныя комплексы і малочна-таварную ферму «Брольнікі» сельгасарганізацый раёна, дзе назіраецца зніжэнне вытворчасці і рэалізацыі малака, ёсць праблемы і з яго якасцю.
Былі абмеркаваны праблемы, характэрныя для многіх жывёлагадоўчых комплексаў і ферм раёна, кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый давалі паясненні. Да прыкладу, на МТК «Налібакі» даўно існуе праблема з захворваннем жывёлы, што непасрэдна адбіваецца на валавой вытворчасці і якасці малака. Па меркаванні спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, тут не вытрымліваецца тэхналогія ўтрымання жывёлы і сістэматычна парушаецца гігіена даення кароў. Спецыялісты гаспадаркі запэўнілі, што сітуацыя ў бліжэйшы час будзе выпраўлена. Адзначаны станоўчы вопыт гэтай фермы па закупцы індывідуальных домікаў для ўтрымання цялят. Ужо цяпер іх колькасць складае 12% ад агульнай колькасці статка, стаіць задача давесці гэтую лічбу да 20%, як патрабуецца па тэхналогіі, і ААТ «Лідахлебапрадукт» гатова выдаткаваць значныя грашовыя сродкі, каб завяршыць дадзеную работу.
На МТК «Кашалева» ААТ «Кашалева-Агра» ў свой час праведзена маштабная рэканструкцыя, што станоўча паўплывала на якасць утрымання жывёлы і ўмовы працы людзей. Аднак у бягучым годзе тут назіраецца зніжэнне вытворчасці і рэалізацыі малака, не ўдаецца атрымаць малако сорту экстра. Як паведаміў кіраўнік гаспадаркі У.Л. Батурля, на сённяшні дзень арганізаваны кругласутачны выпас жывёлы, што спрыяе яе аздараўленню, вядзецца пэўны догляд за пашамі. Ёсць спадзяванне, што да 1 ліпеня гаспадарка выйдзе на станоўчую дынаміку па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі.
МТФ «Брольнікі» СВК «Нягневічы» лінейная і ў агульным аб’ёме вытворчасці малака па гаспадарцы займае каля 12%. Рэнтабельнасць продажу малака за першы квартал бягучага года склала толькі 3,3% пры сярэднім паказчыку па раёне 17%. Разам з тым кіраўніцтва гаспадаркі адзначае пэўную праблему са скучанасцю жывёлы, пагэтаму прынята рашэнне пабудаваць цялятнік для групавога ўтрымання цялят. Дарэчы, пляцоўка пад будаўніцтва ўжо падрыхтавана. Спецыялісты райплемстанцыі адзначаюць, что на дадзенай ферме няма праблем з асемяненнем, дынаміка станоўчая і перспектыва па ўзнаўленні жывёлы ёсць.
Рашэнне наведаць МТК «Галынь» ААТ «Прынёманскі» было звязана з тым, каб паказаць станоўчы вопыт гаспадарання па ўтрыманні, кармленні жывёлы і выкананні тэхналогіі па вытворчасці малака. Па словах старшыні райвыканкама А.М. Маркевіча, за вопытам далёка ездзіць не трэба: у ААТ «Прынёманскі» ёсць чаму павучыцца. Напрыклад, на МТК «Галынь» з пачатку года рэнтабельнасць вытворчасці малака складае 37,7%, а ў цэлым па гаспадарцы – 29,3%.
Прадоўжылася абмеркаванне пытанняў, якія ўнесены ў павестку дня, у зале пасяджэнняў райвыканкама. Да ўдзелу ў рабоце далучыўся намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама І.А. Сарокін.
Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С.І. Пярко далажыў, што па выніках работы за студзень-красавік 2017 года ў раёне ў цэлым захоўваецца станоўчая дынаміка па вытворчасці і рэалізацыі малака. Сельгасарганізацыямі атрымана малака 21484 тоны, што складае 100,9% (плюс 192 т да аналагічнага перыяду мінулага года). Рэалізавана малака з пачатку года 19205 тон (плюс 487), або 102,6% да студзеня-красавіка мінулага года, з іх сортам экстра 41,6% (плюс 10,6), вышэйшым сортам 40,6% (мінус 13,1%), першым сортам 17,9% (плюс 21).
Як паказвае аналіз, колькасць кароў малочнага накірунку на 1 мая 2017 года склала 14709 галоў (мінус 62 да аналагічнага перыяду мінулага года). Атрымана прыплоду буйной рагатай жывёлы 4962 галавы (мінус 777 да ўзроўню мінулага года), асемянілі буйной рагатай жывёлы 8043 галавы (мінус 27).
Найбольшы прырост па вытворчасці малака ў СРДУП «Свіцязь», СВК «Нягневічы». Не дасягнулі ўзроўню вытворчасці малака мінулага года ААТ «Уселюб», ААТ «Шчорсы», ААТ «Гарадзечна». Па рэалізацыі малака за студзень-красавік 2017 года на 96% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года спрацавалі ААТ «Шчорсы» і толькі на 68% ААТ «Гарадзечна». Таварнасць малака ў цэлым па раёне ўзрасла на 1,5% і склала 89,4%. Але якасць малака за чатыры месяцы бягучага года пагоршылася ў такіх гаспадарках, як ААТ «Прынёманскі», філіяле «АграНёман» ААТ «Лідахлебапрадукт», ААТ «Шчорсы».
Сярэдні кошт рэалізацыі малака за першы квартал 2017 года ў сельгасарганізацыях раёна склаў 539 руб. за тону (121,7% да аналагічнага перыяду 2016 года. У мінулым годзе сярэдні кошт тоны малака за гэты перыяд складаў 443 руб.). Сабекошт вытворчасці 1 тоны малака павялічыўся на 66 руб., ці на 17,3% да аналагічнага перыяду мінулага года, і склаў 447 руб.
Шмат увагі падчас абмеркавання пытання па развіцці малочнай галіны было ўдзелена корманарыхтоўцы. Сітуацыя па выніках работы за мінулы год паказала, што пры дастатковай колькасці нарыхтаваных кармоў у шэрагу гаспадарак раёна шмат праблем выяўлена з якасцю кармоў. Старшыня райвыканкама заўважыў, што без якасных кармоў весці размову аб развіцці жывёлагадоўлі нельга.
На зніжэнне вытворчасці і рэалізацыі малака з пачатку бягучага года вялікі негатыўны ўплыў таксама аказала захворванне кароў, праблемы з узнаўленнем статка, характэрныя для ўсіх гаспадарак раёна. Якое шукаць выйсце з узнікшай сітуацыі і па іншых праблемных пытаннях тлумачэнні давалі спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу, райветстанцыі, цэнтра генетыкі і селекцыі, кіраўнікі сельгасарганізацый раёна.
Так, агранамічнай службе ўпраўлення райсельгасхарчу дадзена даручэнне ўзяць пад пільны кантроль работу па нарыхтоўцы кармоў у бягучым годзе.
Былі абмеркаваны і перспектывы будаўніцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў у сельгасарганізацыях раёна. Пастаўлена задача да канца бягучага года пабудаваць не менш за 10 сянажна-сіласных траншэй.
Напрыканцы размовы старшыня райвыканкама А.М. Маркевіч яшчэ раз падкрэсліў, што ў малочнай галіне шмат нявырашаных пытанняў, работа застыла, але і рэзерваў шмат, і кожны сваёй уласнай працай можа дасягнуць станоўчага выніку.
Удзельнікі пасяджэння райвыканкама разгледзелі ход рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2014 года №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 2014 года «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый». Свае меркаванні па гэтым пытанні выказалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.С. Гарачова, першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Д.С. Максімовіч. Адзначалася, што ў раёне актуальнай застаецца тэма п’янства на рабочым месцы, закраналіся пытанні эфектыўнасці работы кабінетаў па ахове працы, прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў, своечасовага праходжання работнікамі прадпрыемстваў і арганізацый медыцынскіх аглядаў, бяспечных умоў працы. Асаблівая ўвага ўдзелена арганізацыі прафілактычнай работы з дзецьмі ў перыяд летніх канікул.
Па кожным з абмеркаваных пытанняў прыняты адпаведныя рашэнні, акрэслены адказныя і вызначаны тэрміны іх выканання.
Алена Ермакова, «НЖ».