Общество

Урачы Станіслаў і Ала Ціс разам 50 гадоў, а ў медыцыне – 96!

Урачы Станіслаў і Ала Ціс разам 50 гадоў, а ў медыцыне – 96!

23 марта 2020 2698

Любая медыцынская спецыяльнасць – гэта прызванне. Быць увесь працоўны дзень уважлівым і сканцэнтраваным, дзяжурыць па начах і выхадных, у любы момант спяшацца ў бальніцу на тэрміновы выклік… У кожнага ўрача праца цяжкая і часта нервовая, таму быць яго мужам ці жонкай – задача не менш складаная і адказная. Што ж казаць, калі ў сям’і два ўрачы?! Без сумненняў, гэта «двайная нагрузка» і далёка не кожны чалавек з ёй спраўляецца. Станіслаў Станіслававіч і Ала Паўлаўна Ціс у медыцыне працуюць дзясяткі гадоў, і калі скласці іх стаж, то атрымаецца нейкая неверагодная лічба – 96! Вялікую павагу выклікае таксама і тое, што разам героі нашага матэрыялу пражылі 50 гадоў і ў гэтым годзе адзначаць залатое вяселле.

Рознымі сцежкамі да аднаго шляху

Станіслаў Станіслававіч родам з в. Жылічы Мастоўскага раёна. У дакументах датай нараджэння запісана 2 лістапада, на самай справе ён з’явіўся на свет у жніўні 1948 г. Была «гарачая пара» жніва, таму рэгістрацыю бацькі адклалі. Так і атрымалася, што ў Станіслава Станіслававіча два дні нараджэння.

– Падобная сітуацыя для тых часоў – справа звычайная. Некалькі месяцаў – яшчэ нічога. Ёсць людзі, у якіх «губляліся» гады. Даведкі аб нараджэнні ніхто не выдаваў – калі звярнуліся бацькі, тую дату і запісалі, – дадае С.С. Ціс.

– Рос я ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацька памёр рана. Мне на той час было 11 гадоў, сястры – 13, а брату ўсяго 3 гады. Усе клопаты па гаспадарцы і выхаванні дзяцей леглі на плечы матулі. Цяжка ёй было… Шмат працавала, каб мы ні ў чым не мелі патрэбы, каб жылі не горш за іншыя сем’і. Нягледзечы на ўсе складанасці, матуля з усім справілася. У яе заўсёды быў моцны характар і неверагодная сіла волі. На вялікі жаль, пару гадоў таму яе не стала… І не было ні аднаго дня, каб я не ўспамінаў… Не думаў… Я так ёй за ўсё ўдзячны!

– Толькі дзякуючы маці я і звязаў жыццё з медыцынай, – прызнаецца Станіслаў Станіслававіч. – Калі гаварыць шчыра, яна проста мяне ўгаварыла. Вучыўся я добра, а мама марыла, каб я стаў урачом.

Выбар паў на Гродзенскі медыцынскі інстытут. У першую чаргу таму, што ён знаходзіўся бліжэй да дома, усяго за 20 км.


– Я не мог вучыцца далёка – патрэбна было дапамагаць маці, – тлумачыць Станіслаў Станіслававіч. – У 1966 г., калі я закончыў школу, выпускаліся і адзінаццацікласнікі (як мы), і тыя, хто закончыў 10 класаў. Гэта быў якраз год пераходу на 10-гадовую сярэднюю адукацыю. Таму конкурс ва ўсе ВНУ быў больш сур’ёзны, чым звычайна.

Факультэт на той час існаваў адзін – лячэбны, а спецыяльнасць называлася «урач-лячэбнік». Так у дыпломе Станіслава Станіслававіча і запісана.


– Толькі на шостым курсе, калі пачыналася субардынатура, выдзяляліся групы – хірургічныя, акушэрска-гінекалагічныя і тэрапеўтычныя, – успамінае С.С. Ціс. – Я выбраў хірургію. Падрыхтоўка вялася ў 1-й гарадской бальніцы пад кіраўніцтвам прафесара І.Я. Макшанава. Падыход у яго быў вельмі сур’ёзны, без усякіх «паблажак». Мне, як спецыялісту, вельмі пашчасціла вучыцца ў такога ўрача.

Шэсць гадоў у інстытуце «праляцелі» хутка, і вось наступіў люты 1972 г. – час размеркавання. Ардынатуру Станіслаў Станіслававіч пачынаў праходзіць у Лідзе, але большую частку адпрацаваў у Навагрудскай бальніцы. Прычына для пераводу ў маладога хірурга была вельмі важная – у Навагрудку ардынатуру праходзіла Ала Паўлаўна, на той час ужо Ціс.

– Мы былі жанаты і выхоўвалі сына. Ігару было ўжо 2 гады, – уступае ў размову Ала Паўлаўна. – Пазнаёміліся ў медінстытуце. Вучыліся ў адной групе, пакуль нас не раздзялілі па спецыяльнасцях. Я выбрала акушэрства і гінекалогію.

Ала Паўлаўна родам з п. Гарадзішча (уваходзіў у склад Баранавіцкай воб.).

– Бацька быў інжынерам-будаўніком і пасля вайны працаваў на будаўніцтве электрастанцый, таму сям’я часта пераязджала з месца на месца. «Затрымаліся» толькі ў Дзятлаве, куды яго накіравалі дырэктарам міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі (МБА, а цяпер гэта МПМК), – успамінае Ала Паўлаўна. – Стаць урачом я вырашыла па наказе матулі. У свой час у Баранавічах яна закончыла польскую гімназію, а потым навучалася медыцыне пры манастыры. Бабуля хацела, каб маці працягнула адукацыю ў Беластоку, але пачалася вайна. Таму мая матуля вельмі хацела, каб яе мару ажыццявілі мы – я і малодшая сястра.


Пазней сям’я Алы Паўлаўны пераехала ў Навагрудак, таму што бацьку назначылі дырэктарам Навагрудскай МБА. Тут сям’я Леваковых «асела» і больш нікуды не пераязджала.

– На вялікі жаль, матуля нас вельмі рана пакінула… з-за хваробы, ёй было ўсяго 52 гады, – са слязамі на вачах гаворыць Ала Паўлаўна. – Вядома, нам яе вельмі не хапала. А мару яе мы з сястрой ажыццявілі. Я пасля заканчэння школы паступіла ў Гродзенскі медінстытут, а сястра стала медыцынскай сястрой. Думаю, мама б намі ганарылася.

– Бацька застаўся адзін. Менавіта таму пасля заканчэння інстытута я папрасіла размеркавання ў Навагрудак. Як прыехалі ў 1972 г., так жыць тут і засталіся. Не верыцца, што ўжо прайшло столькі часу, – задумалася Ала Паўлаўна.

Кожны з маіх суразмоўцаў у медыцыну ішой сваёй сцежкай, але абодва па наказе сваіх матуль. Адзін інстытут, знаёмства, стварэнне сям’і… Усё гэта супа­дзенне? Наўрад ці. Хутчэй – лёс. Так і стаў гэты няпросты шлях урача для Станіслава Станіслававіча і Алы Паўлаўны агульным. 

Прафесія адукаваных і вытрыманых

Адданасць справе, адказнасць, патрабавальнасць да сябе, увага да людзей і аўтарытэт у калектыве зрабілі сваю справу – у прафесіі ў мужа і жонкі Ціс усё склалася добра. «Раслі» прафесійна і з часам абодва атрымалі вышэйшую катэгорыю. Складвалася і кар’ера.

Станіслаў Станіслававіч пачынаў хірургам і ў стацыянары, і ў паліклініцы.


– Мы чаргаваліся: працавалі то ў аддзяленні, то на прыёме, – працягвае размову С.С. Ціс. – Дзесьці ў 1975 г. прайшоў падрыхтоўку на ўролага, так як урача гэтай спецыялізацыі ў бальніцы тады не было.

З таго часу Станіслаў Станіслававіч – хірург-уролаг. У 1988 г. быў назначаны намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай часці. Цікава, што некаторы час гэта пасада называлася «намеснік па стацыянарнай дапамозе». Праз 10 гадоў Станіслаў Станіслававіч стаў загадчыкам хірургічнага аддзялення, работай якога кіраваў да 2005 г. Медыцынскую практыку не пакінуў – па сённяшні дзень працуе ў родным аддзяленні хірургам і ўролагам.


– Цяпер у нашым аддзяленні толькі хірургічныя і ўралагічныя ложкі, а некалі былі яшчэ лор-, стаматалічныя, афтальмалагічныя і для анкахворых, – расказвае ўрач. – Увогуле адзяленне было разлічана на 60 месц (цяпер на 40). Нічога дзіўнага тут няма – паступова змяншалася колькасць насельніцтва, менш станавілася і стацыянарных ложкаў. Да параўнання, тады ў раёне пражывала каля 75 тысяч чалавек. Стацыянарныя аддзяленні працавалі не толькі ў горадзе і Любчы, як цяпер, а таксама ў Шчорсах, Нягневічах, Вераскаве, Навінах, Валеўцы і іншых вёсках.

Хваробы ў пацыентаў аддзялення розныя, але, вядома, усе хірургічнага профілю. Таму спецыялізацыя ў хірургаў таго часу была не вузкая, а самая што ні ёсць шырокая. І ў Станіслава Станіслававіча таксама. Нават прыкладна падлічыць, колькі за час работы ён зрабіў аперацый, мы не ўзяліся. Ды ці магчыма гэта за 48 гадоў у прафесіі?! І якой бы гэта лічба ні была, яна працягвае расці.

– Калі мы прыехалі працаваць на Навагрудчыну, бальніца была зусім іншай. І хоць колькасць медустаноў у раёне скарацілася, сама ж сістэма аховы здароўя за гэты час зрабіла вялікі крок наперад, у тым ліку ў акушэрстве і гінекалогіі, – падкрэсліла Ала Паўлаўна.

У тыя гады радзільны дом уключаў жаночую кансультацыю, гінекалогію і непасрэдна радзільнае аддзяленне. У кожным з падраздзяленняў урачы працавалі па два гады, і ўрач-акушэр-гінеколаг А. Ціс таксама.


– Працоўную дзейнасць пачынала, вядома, яшчэ ў старым раддоме, які знаходзіўся на месцы сённяшняга кветкавага магазіна каля аўтавакзала. А гінекалогія была на месцы сённяшняга рэстарана «Валерыя», – Ала Паўлаўна гаворыць спакойным голасам, а вось я працягваю здзіўляцца. – Раддом быў разлічаны на 80 месц, з якіх 30 былі для гінекалагічных хворых, а астатнія для рожаніц. Родаў у год прымалі каля 1800. Калі за суткі было трое родаў, то гэта лічылася лёгкім дзяжурствам. Бывала і па дзесяць. Усе дзеткі знаходзіліся ў адной палаце, а гэта каля 50 немаўлят. Пялёнкі санітаркі мылі і прасавалі ўручную. Увогуле, няпроста прыходзілася тагачаснаму персаналу, але ўсе працавалі сумленна.

Ала Паўлаўна шмат гаварыла пра калектыў, работу, сітуацыі і праблемы, з якімі даводзілася сутыкацца. Прафесійны і дружны калектыў з усім спраўляўся, а наша гераіня набывала вопыт, які дазволіў ёй «падняцца вышэй». У 1981 г. Ала Паўлаўна была назначана галоўным урачом раддома і кіравала яго работай 9 гадоў. У 1990 г. пасля рэарганізацыі А.П. Ціс стала загадчыкам гінекалагічнага аддзялення, раённым акушэр-гінеколагам. Займала гэту пасаду да 2013 г. Зараз працуе ўрачом­акушэр-гінеколагам жаночай кансультацыі.


З калегамі пашчасціла

Падчас размовы Станіслаў Станіслававіч і Ала Паўлаўна з асаблівай павагай успаміналі калег, якія сталі для іх сапраўднымі настаўнікамі ў прафесіі, і вельмі шчыра гаварылі пра людзей, з якімі давялося працаваць шмат гадоў. 

Гэта ўрачы-хірургі В.Л. Макарчык, І.К. Віторскі, В.І. Шугала, Д.В. Сёмуха, Г.А. Русецкі, Ю.М. Высоцкі і інш.

– Вядома, абсалютна заслужана сёння займае пасаду загадчыка аддзялення А.А. Сіняўскі, – дадае Станіслаў Станіслававіч. – Да слова, у нейкім сэнсе мой вучань.

У размове з Алай Паўлаўнай не раз гучалі імёны М.М. Астапкевіча, А.І. Горбача, Г.Я. Зянько, А.Е. Лысянковай, В.П. Віторскай, І.П. Дзяшук, Т.І. Малуха, З.П. Калановіч, Л.П. Мяцеліцы, В.Ф. Гарбаткі, Б.І. Курчэйкі, Л.М. Гусевай, В.М. Бугровай, В.А. Пахадні і інш.

– Цяпер у нас калектыў у большасці малады. Я – адна з самых вопытных урачоў, – дапаўняе Ала Паўлаўна. – Маладосць – не значыць адсутнасць прафесіяналізму. Узяць, напрыклад, нашага загадчыка А.М. Анцух – і ўрач выдатны, і чалавек добры.

– Ды і ўвогуле калектыў у Навагрудскай бальніцы самы лепшы, – заключаюць мае суразмоўцы.


Рэсурсы – ёсць, здароўе – таксама

– Калі задумваемся, які шлях мы прайшлі ў гэтай прафесіі, самі сабе здзіўляемся, бо ніхто з нас яго такім не ўяўляў, – разважаюць Станіслаў Станіслававіч і Ала Паўлаўна. – Канешне, добра, што ёсць і сілы, і жаданне, і магчымасць працаваць. Што датычыцца прафесійных уменняў і навыкаў, то «закансервавацца» ў медыцыне проста немагчыма, асабліва ўрачам. Пакуль ты практыкуеш, абавязаны ездзіць на курсы, семінары, канферэнцыі, пастаянна праходзіць праверку ведаў.


І гэта, сапраўды, так. Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, Станіслаў Станіслававіч якраз праходзіў чарговае павышэнне кваліфікацыі.

Станіслаў Станіслававіч і Ала Паўлаўна ўжо на пенсіі, але ўявіць сабе жыццё без любімай работы не могуць. І адкрыта здзіўляюцца, разважаючы над тым, чым у будучым будуць займаць вольны час.

– Вясной і летам будзем ездзіць на дачу. Хоць з нашай невялікай «гаспадаркай» мы і так спраўляемся. Некалькі разоў на месяц можна з’ездзіць на паляванне ці рыбалку. Раз на тыдзень – абавязкова ў лазню. А што рабіць з астатнім часам? – разважае С.С. Ціс. Варта сказаць, што Станіслаў Станіслававіч заядлы аматар лазні ўжо шмат гадоў і лічыць яе найлепшым спосабам для падтрымання здароўя і адпачынку.

– Між тым мы абсалютна згодны з вядомым выказваннем «дарогу – маладым» – і спакойна пойдзем на заслужаны адпачынак, калі прыйдзе час. Нам і так вельмі пашчасціла затрымацца ў прафесіі, – шчыра гавораць муж і жонка Ціс. – Але так атрымліваецца, што маладыя спецыялісты нашых спецыялізацый, адпрацаваўшы патрэбны тэрмін, з’язджаюць у вялікія гарады. І такая тэндэнцыя характэрна не толькі для нашага раёна. Таму радуе, што ёсць моладзь, якая ў якасці месца для жыцця і працы выбірае такія невялікія рэгіёны, як Навагрудчына.


Разам паўстагоддзя

Станіслаў Станіслававіч і Ала Паўлаўна ў гэтым годзе адзначаць «залатое» вяселле – 50 гадоў сумеснага жыцця. Як кажуць у народзе: «І ў радасці, і ў смутку…»

– Самая вялікая каштоўнасць усяго нашага жыцця – гэта нашы сыны і ўнучкі, – у адзін голас гавораць будучыя юбіляры. – Дзеці не пайшлі па нашых слядах. Ма­быць, таму, што бачылі, якая няпростая прафесія ўрача.

І хоць Станіслаў Станіслававіч і Ала Паўлаўна ў бальніцы праводзілі намнога больш часу, чым дома, дзяцей выгадавалі самастойнымі і ўпэўненымі ў сабе. Ганарацца бацькі і тым, што абодва сыны закончылі школу з залатымі медалямі.


– Для кожных бацькоў свае дзеці – самыя лепшыя. І для нас таксама, – расказваюць пра самых блізкіх і родных нашы героі. – Старэйшы Ігар стаў прадпрымальнікам, працуе ў сферы гандлю і будаўніц­тве. Застаўся тут, у Навагрудку. Малодшы Дзмітрый – юрыст. Пасля вучобы жыў у г. Гродне, быў выкладчыкам ва ўніверсітэце імя Я. Купалы. Зараз жыве і працуе ў Расіі. У абодвух сыноў, вядома, свае сем’і. Унучка Ганна ўжо дарослая. Малодшай Мілане ўсяго 4 гады.

– Нашы бацькі вельмі намі ганарыліся, і мы сваімі дзецьмі і ўнучкамі таксама, – сказалі ў завяршэнне Станіслаў Станіслававіч і Ала Паўлаўна Ціс. – Як і мы, яны знайшлі свой шлях у жыцці. Хочацца толькі аднаго, каб іх лёсы былі шчаслівымі. Чаго ж  яшчэ нам можна жадаць?..
Анастасія Пятрова, “НЖ”
Фота аўтара і з архіва сям'і Ціс.